Франак Вячорка заявіў, што Святлана Ціханоўская можа пераняць функцыі прэзідэнта Беларусі


Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка заявіў у жывым эфіры студыі «Белсату», што функцыю прэзідэнта Беларусі трэба пераймаць Ціханоўскай, бо «Лукашэнка самаўхіліўся».

«Мы ўзгадняем легальныя, праўныя дзеянні. Паколькі Лукашэнка самаўхіліўся ад сваёй асноўнай функцыі – абароны тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту краіны, – магчыма, гэтую функцыю трэба пераймаць Святлане Ціханоўскай», – сказаў Франак Вячорка.

Паводле Вячоркі, кансультацыі ў гэтым пытанні ўжо праведзеныя 24 лютага з прадстаўнікамі Еўразвязу, ЗША, Літвы, Польшчы і Францыі.

«Заўтра раніцаю плануецца сустрэча з міністрам замежных справаў Францыі. І гэта будзе сустрэча вельмі практычная: хто будзе прадстаўляць Беларусь? І калі гэта Ціханоўская, то якім чынам гэта будзе абазначана юрыдычна», – паведаміў прадстаўнік Святланы Ціханоўскай.

25 лютага Святлана Ціханоўская выступіць перад прадстаўнікамі сенату і парламенту ўсіх краінаў Еўразвязу.

Вячорка таксама распавёў, што даходзяць сігналы з боку беларускага генералітэту, які аказаўся абсалютна не падрыхтаваным да атакі на Украіну.

«Іх падманвалі і казалі, што Беларусь не пойдзе на Украіну, а цяпер уцягваюць у вайну. І таму гэта момант пералому, момант расколу, з якога мы мусім скарыстацца», – заявіў Франак Вячорка.

Паводле прадстаўніка Святланы Ціханоўскай, лёс Беларусі вызначаецца найбліжэйшымі гадзінамі.

Вячорка таксама паведаміў, што для беларусаў, якія цяпер ва Украіне, арганізуюць гуманітарны калідор.

Абноўлена
Лукашэнка: Нашых войскаў ва Украіне няма, але пры неабходнасці яны там будуць
2022.02.24 11:40

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў