Як падаражэла Польшча

Недастаткова прадаць трохпакаёўку ў Менску, каб набыць аднапакаёвую кватэру ў Варшаве. Польская сталіца паводле цэнаў на нерухомасць ужо перагнала Партугалію і Грэцыю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Варшава, Польшча.
Фота: Andrzej Bogacz / Forum

Яшчэ да пандэміі, 5-6 гадоў таму, у добрым раёне Варшавы можна было набыць двухпакаёвую кватэру (50 м²) за $ 100–115 тыс. Сёння за такія грошы ў не вельмі адлеглых ад цэнтру польскай сталіцы ваколіцах мы не знойдзем аднапакаёвай кватэры нават да 30 м². Усё таму, што ў снежні сярэдняя цана аднаго квадратнага метра ў Варшаве была каля 16 тыс. злотых ($ 4 тыс.), а бліжэй да цэнтру – нават каля 20 тыс. злотых ($ 5 тыс.). Апошнія гады Польшча (пасля пандэміі і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне) была сярод лідараў у росце цэнаў на нерухомасць (у прыватнасці, на кватэры) у ЕЗ.

У снежні з’явілася цікавая справаздача «Deloitte Property Index 2023», паводле якой сярэднестатыстычны паляк на пакупку ўласнай кватэры мусіць выдаткаваць больш за 8 гадавых заробкаў. Польшча цяпер пасярэдзіне рэйтынгу (падобная сітуацыя ў Літве, Вугоршчыне, Эстоніі, Харватыі, Ірландыі). Значна менш трэба працаваць на кватэру ў Бельгіі (4,3 гадавога заробку), але таксама ў Даніі, Нідэрландах, Славеніі, Партугаліі ці Грэцыі. Паводле гэтых звестак, кватэры ў Польшчы ўжо даражэйшыя, чымся ў Румыніі, Партугаліі ці Грэцыі.

У справаздачы закладзеная сярэдняя ў Польшчы цана на адзін квадратны метра памерам 1975 еўраў. Але за такую цану мы сёння знойдзем кватэры ў Лодзі ці ў Быдгашчы, але не ў Беластоку, Гданьску, Любліне ці Познані. Таму цяпер, прадаючы кватэру ў Варшаве, без праблемаў можна набыць кватэру ў Нямеччыне, Францыі ці Аўстрыі (не ў сталіцах гэтых краінаў).

Заробкі палякаў за апошнія пяць-шэсць гадоў таксама змяніліся. Пад канец года сярэдняя заработная плата ў Польшчы (да выплаты падаткаў) складала 7194 злотых ($ 1,7 тыс., каля $ 1,3 тыс. на рукі). У Варшаве заробкі большыя, чымся ў іншых гарадах Польшчы (сярэдні каля 6 тыс. злотых на рукі, гэта $ 1,5 тыс.). У 2022 годзе (паводле Еўрастату) горш, чымся ў Польшчы, зараблялі толькі жыхары Румыніі, Вугоршчыны і Балгарыі.

Сёння ж медыянны заробак у Польшчы складае 7144 злотых (на рукі – 5200 злотых, $ 1,3 тыс.). Трэба восем гадоў працаваць, каб набыць 30 м² у аддаленым ад цэнтру раёне Варшавы. А медыянны заробак азначае, што палова працаздольнага насельніцтва зарабляе менш. Таму сапраўды пашчасціла тым, хто набыў жытло (ці іншую нерухомасць) у Польшчы яшчэ да пандэміі. А будзе яшчэ даражэй.

Адмыслоўцы кажуць, што танных кватэраў у Польшчы ўжо не будзе. З кожным годам колькасць новых кватэраў памяншаецца, найгоршая сітуацыя ў такіх буйных гарадах, як Кракаў ці Варшава. Высокія цэны на квадратны метр будуць трымацца і дзякуючы дзяржаўнай праграме «Крэдыт 2 %», якая прадугледжвае 10-гадовую даплату да крэдыту на набыццё жытла да 2 % гадавых. Паводле гэтай праграмы, кватэра не можа быць даражэйшая за 500 тыс. злотых, калі крэдыт бярэ адна асоба, ці за 600 тыс. злотых, калі бярэ сям’я з дзецьмі.

Меркаванні
Візіт Ціханоўскай у Польшчу важны, але момант фатальны
2024.01.18 11:09

Паводле афіцыйных звестак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення (GUS), кошты тавараў і паслуг у Польшчы з 2019 года выраслі на больш як 34 %. Інфляцыя ў гэтым годзе прагназуецца на ўзроўні каля 5 %.

Як жывецца ў Польшчы ў параўнанні з суседзямі? Згодна з Міжнародным валютным фондам (звесткі за 2023 год, ВУП на душу насельніцтва, пералічаны паводле парытэту пакупніцкай здольнасці), эканамічная сітуацыя ў Польшчы падобная да сітуацыі ў Літве і Чэхіі, але значна горшая, чымся ў Нямеччыне. Палякі эканамічна пачуваюцца ў тры разы лепш за ўкраінцаў, амаль удвая лепш за беларусаў і значна лепш за жыхароў Расеі.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў