Ціханоўская і сябры Кабінету сустрэліся з міністрам унутраных справаў Польшчы


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету 24 студзеня ў Варшаве сустрэліся з міністрам унутраных справаў Польшчы Марыюшам Каміньскім.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам унутраных справаў Польшчы Марыюшам Каміньскім.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Удзел у сустрэчы бралі таксама віцэ-міністар Барташ Градэцкі, а з беларускага боку – Павел Латушка, Валеры Сахашчык і Валеры Кавалеўскі.

Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі шэраг наступных пытанняў:

  • спрашчэнне легалізацыі і іміграцыйных працэдураў для беларусаў. Ужо цяпер працуе рабочая група, але беларускі бок папрасіў паспрыяць у тым, каб зрабіць працэдуры больш эластычнымі і хуткімі;
  • выдача альтэрнатыўных дакументаў новай Беларусі. Гаворка ішла аб тым, каб Польшча падтрымала ініцыятыву, над якой працуюць дэмакратычныя сілы. Гэта дапаможа тысячам беларусаў, якія апынуліся ў Еўропе і не маюць належных дакументаў і не могуць вярнуцца ў Беларусь, каб іх зрабіць;
  • пытанне прыцягнення да адказнасці вінаватых у рэпрэсіях і вайне ва Украіне;
  • падтрымка беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.
Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету сустрэліся з міністрам унутраных справаў Польшчы Марыюшам Каміньскім. 
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Абмеркавалі таксама ўнутраную сітуацыю ў Беларусі і верагоднасць уступу беларускіх войск у вайну, закранулі тэму магчымасцяў падтрымкі рэпрэсаваным беларусам.

«Удзел беларускіх войскаў у вайне паступова павышаецца, а гэта азначае, што вайна можа прыйсці і ў Беларусь. І вельмі важна каб было ўсведамленне, што сапраўдная перамога Украіны ў вайне патрабуе і вырашэнне крызісу ў Беларусі. Мы разумеем, што толькі вольная, дэмакратычна і еўрапейская Беларусь можа гарантаваць Украіне бяспеку і быць сапраўдным паказальным дзейным і рэгіянальным партнёрам», – сказала Ціханоўская падчас сустрэчы.

Учора, 23 студзеня,Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў