Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на словы Зянона Пазняка аб тым, што на фоне навінаў пра магчымае расейскае ўварванне ва Украіну адбылася акупацыя Беларусі.
«Я са здзіўленнем прачытаў тое, што ў нас адбылася акупацыя Беларусі. Я як галоўнакамандуючы неяк не заўважыў», – цытуе Лукашэнку БелТА.
Раней Зянон Пазняк у інтэрв’ю «Белсату» заявіў, што пад выглядам вучэнняў «Саюзная рашучасць» адбываецца ціхая акупацыя Беларусі расейскім войскам.
«Я ўжо звяртаюся да тых, хто, прачытаўшы гэта і пачуўшы гэта ў Беларусі (а гэта частка нашага грамадства, частка дзяржавы, дзе я зʼяўляюся прэзідэнтам), і для Зянона хачу сказаць: ніколі, ніколі, прынамсі пакуль я прэзідэнт і вы генералы, мы не дапусцім акупацыі Беларусі. Гэтага не будзе ніколі ні з якога боку. Ні злева, ні справа, ні з захаду, ні з усходу, ні з поўначы, ні поўдня. Ніколі. Мы памром, але гэтага не дапусцім. Не трэба спекуляваць на гэтай тэме», – адзначыў Лукашэнка.
Лукашэнка заявіў, што ў межах вучэнняў на паўднёвых межах Беларусі давядзецца разгарнуць цэлы кантынгент беларускай арміі, і гэта нібыта не звязана ні з якой акупацыяй. «Мы проста хочам абараніць нашую паўднёвую граніцу», – заявіў ён.
Нагадаем, 17 студзеня Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў задуму аператыўных беларуска-расейскіх вучэнняў «Саюзная рашучасць – 2022». Яны маюць адбыцца 10–20 лютага на паўднёвых і заходніх межах Беларусі. У Беларусь перакідаюць вайскоўцаў з Далёкага Усходу: гэта падраздзяленні Усходняй вайсковай акругі. Прычым сваякі расейскіх жаўнераў пішуць у сацсетках, што тэрміны «камандзіровак» могуць скласці ад 2 да 9 месяцаў.
Дасюль не вядома, колькі расейскіх вайскоўцаў прыбудуць у Беларусь для ўдзелу ў «Саюзнай рашучасці». Між тым, паводле інфармацыі Telegram-каналу беларускіх чыгуначнікаў belzhd_live, у Беларусь плануецца накіраваць 200 вайсковых эшалонаў з расейскай тэхнікай і жаўнерамі – гэта амаль у 7 разоў больш, чым падчас вучэнняў «Захад-2021».
РР belsat.eu