У Беластоку беларусы і палякі выйшлі ў падтрымку Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў


Журналіст і сябра Саюзу Палякаў у Беларусі амаль два гады ў няволі – з 25 сакавіка 2021 году. Акцыі ў падтрымку журналіста праходзяць што месяц з вясны 2021 году.

Акцыя ў падтрымку Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў у Беластоку.
Фота: Белсат

У скверы каля помніка Ежы Папялушку стаіць стэнд з партрэтамі Анджэя Пачобута і Анджэлікі Борыс, апошняй СІЗА змянілі на хатні арышт. Сюды раз на месяц прыходзяць мясцовыя жыхары і прадстаўнікі беларускай дыяспары, каб выказаць словы салідарнасці з Пачобутам і іншымі палітвязнямі. Падобная акцыя адбылася ў Беластоку 23 студзеня.

«Калі мы праводзілі першую акцыю, то думалі, што хутка ўсё скончыцца, але на жаль, адлік пайшоў ужо на гады», – кажа ў размове з «Белсатам» адзін з удзельнікаў акцыі.

І калі раней інфармацыя прыходзіла, то што адбываецца з журналістам у гарадзенскай турме №1 цяпер – невядома. Справу Пачобута мусілі разглядаць у Гарадзенскім абласным судзе 28 лістапада, але з невядомых прычынаў працэс адклалі. Таксама вядома, што да Анджэя не даходзяць лісты ад сяброў.

Адным з удзельнікаў акцыі стаў Віктар Пархімчык, які толькі нядаўна вызваліўся са шклоўскай калоніі. Мужчына змог вынесці з калоніі турэмную форму з жоўтай біркай экстрэміста, у ёй ён прыйшоў на акцыю.

Былы зняволены Віктар Пархімчык у турэмнай форме з жоўтай біркай экстрэміста. Акцыя ў падтрымку Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў у Беластоку.
Фота: Белсат
Былы зняволены Віктар Пархімчык у турэмнай форме з жоўтай біркай экстрэміста. Акцыя ў падтрымку Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў у Беластоку.
Фота: Белсат

Удзельнікі акцыі ўпэўненыя, што за мяжой яны могуць зрабіць так, каб пытанне палітвязняў не сціхала. Але сёння фактычна няма механізмаў для вызвалення людзей, таму іх трэба шукаць супольна.

Пачобута абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт.361 («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь») і арт. 130 («Распальванне варожасці ці варажнечы»).

У абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што Пачобут у медыях назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Акрамя гэтага яму інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі. Ён пісаў артыкулы ў «Gazeta Wyborcza» пра беларускія пратэсты ў 2020-м і тэкст у «Magazyn Polski», напісаны ў 2006 годзе і прысвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гарадзеншчыне. Таксама вядома, што ўвосень 2021 года Пачобут адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

4 кастрычніка 2022 года КДБ дадаў журналіста ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў