Трыдэмія, свіны грып, «чумное паветра»… Што адбываецца з інфекцыямі ў Беларусі і свеце


Каронавірус нікуды не знік, а цяпер да яго дадаўся грып – раней, чым звычайна. З’яўляюцца навіны пра свіны грып у Беларусі, менінгакок і шкарлятыну – прынамсі ў суседзяў. Тлумачым, што адбываецца.

Автомобиль скорой помощи, неотложка
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Машына хуткай дапамогі. Менская вобласць, Беларусь. 25 студзеня 2022 года.
Фота: Белсат

Як там ковід?

Тры гады таму ў свеце пачаў распаўсюджвацца вірус SARS-CoV-2, які выклікае хваробу COVID-19. За гэтыя тры гады супраць гэтага каронавіруса стварылі мноства вакцынаў і распрацавалі першыя лекі. Але ўсё роўна ад ковіду ў свеце штодня памірае не менш за 1 тысячу чалавек, кожны дзень рэгіструюць некалькі соцень тысяч новых выпадкаў інфекцыі. Вірус мутуе, і цягам 2022 года дамінуюць падштамы о-мікрон – ужо не такія смертаносныя, але больш заразлівыя.

Галоўныя каронавірусныя навіны цяпер – з Кітаю. Тамтэйшыя ўлады задоўга трымаліся няўдалай і неймаверна жорсткай палітыкі «нулявога ковіду», але былі вымушаныя скасаваць яе пасля масавых пратэстаў. Скасаванне таксама адбылося няўдала: выклікала беспрэцэдэнтную хвалю захворванняў і хаос у сістэме аховы здароўя. Вірус атрымаў новую прастору для мутацыяў.

Колькасць пацверджаных смерцяў ад каронавіруса ў свеце на дзень, сярэдняя за 7 дзён

Суседзі Беларусі, Эстонія і Латвія, выйшлі на другое і трэцяе месцы ў Еўропе паводле смерцяў ад ковіду на душу насельніцтва (на першым месцы мікрадзяржава Андора). Яшчэ ў двух суседзяў, Расеі і Украіны, ідзе вайна, таму каронавірусная статыстыка адтуль наўрад ці дакладная, але несумнеўна, што ўмовы вайны спрыяюць распаўсюду ўсіх магчымых хваробаў.

Што ў Беларусі з ковідам і грыпам?

Гэта невядома. Каронавірусную статыстыку засакрэцілі, паведамленняў пра яе не было з 5 ліпеня. Але і да таго дзяржаўная статыстыка не выклікала даверу. Адпаведна, няма веры і афіцыйным заявам пра грып і іншыя хваробы. Якая сітуацыя напраўду – не вядома, але прынамсі пакуль не паведамляюць пра такі калапс, які быў мінулай зімой.

Ды нават дзяржаўныя беларускія медыі прызнаюць, што захворвальнасць на грып, як і ў іншых краінах, у Беларусі расце. З сярэдзіны снежня Міністэрства аховы здароўя адзначае рост захворвальнасці на «розныя вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі», у тым ліку сярод дзяцей – у іх рэгіструюць грып, метапнеўмавірус, рэспіраторна-сінцытыяльны вірус і COVID-19.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: minzdrav.gov.by

Таксама прызнаюць, што грып прыйшоў раней, чым звычайна: эпідэміі грыпу звычайна пачынаюцца ў студзені – лютым. Але пры тым бясплатную вакцынацыю ад грыпу спынілі 15 снежня, вакцынаваўшы толькі 40 % насельніцтва (прышчэпкі цяпер прапаноўваюць толькі за грошы і не паўсюль). Прызнаюць і недахоп некаторых лекаў і дэфіцыт кадраў у медыцыне.

Беларускі доктар Мікіта Салавей, былы галоўны інфекцыяніст Менску, нядаўна пісаў на Facebook, што апошнім часам у Гарадской клінічнай інфекцыйнай лякарні назіраюць устойлівы рост адначасовых выпадкаў грыпу і COVID-19. І калі большасць выпадкаў ковіду цяпер працякае даволі лёгка, як звычайнае рэспіраторнае захворванне, то пра грып такога сказаць нельга: амаль заўсёды ён дае цяпер тэмпературу 38–39°С і вышэйшую, агульную слабасць, моцны галаўны боль і болі ў цягліцах і суглобах, інтаксікацыю і іншае.

Сусветная арганізацыя здароўя (WHO) засцерагае: новая хваля COVID-19 (якую чакаюць і ў Беларусі) і адначасовая цыркуляцыя грыпу пагражае людзям у групе рызыкі цяжкім станам і смерцю, а сістэмам аховы здароўя – павышэннем напружанасці пасля і без таго няпростых трох гадоў.

Што за трыдэмія?

У свеце кажуць не проста пра камбінацыю ковіду і грыпу, а пра трыдэмію або трайплдэмію: цыркуляцыю адначасова ковіду, грыпу, а яшчэ і рэспіраторна-сінцытыяльнага віруса (РСВ, які ў Беларусі звычайна запісваюць у ВРВІ). Беларуская супольнасць медыкаў «Белыя халаты» папярэджвае пра трыдэмію і пра тое, што ад РСВ, у адрозненне ад грыпу і ковіду, вакцынаў няма, а ён усё часцей сустракаецца ў дарослых.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Хворы мужчына.
Фота: Josh McGinn / Flickr, CC BY-ND 2.0

Сімптомы ўсёй тройцы падобныя, але адна хвароба не выключае другой, а лекаванне ад розных хваробаў можа спатрэбіцца рознае. Хоць у шмат якіх выпадках будзе дастаткова сімптаматычнага лекавання, піцця цёплай вадкасці і адпачынку, як пры прастудзе, толькі прафесійны доктар можа даць дакладную параду ў кожным канкрэтным выпадку.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі заяўляла, што яно «спакойнае адносна трыдэміі», бо ў Беларусі «высокая доля вакцынаваных». Пры тым лічбы, якія яно падае, не такія і высокія: каля 40 % вакцынаваных ад грыпу (сярод дзяцей – звыш 60 %) і звыш 72 % вакцынаваных ад каронавіруса (пры тым, што частка з іх прышчэпленая вакцынамі сумнеўнай эфектыўнасці).

Зноў свіны грып, як у 2009 годзе?

У медыях можна пабачыць згадкі пра свіны грып – той самы, пандэмія якога была ў 2009 годзе і забрала каля 284 тысяч жыццяў (ад ковіду ўжо памерлі больш за 6 млн). Сапраўды, у Беларусі цяпер цыркулюе вірус грыпу А(H1N1), які называлі свіным.

Гэта адзін з самых небяспечных варыянтаў грыпу, але не той самы вірус, што быў у 2009 годзе. Рэч у тым, што вірус грыпу няспынна мутуе: падвіды А(H1N1) былі адказныя і за пандэмію «іспанкі» ў 1918 годзе, і за савецкую пандэмію 1977–1979 гадоў, і за свіны грып 2009 года, але ў астатні час падвіды А(H1N1) аказваліся «звычайным» сезонным грыпам, які не выклікаў пандэміяў і масавых смерцяў.

Цяпер інтэнсіўнасць грыпу ацэньваюць як сярэднюю ў Беларусі, Польшчы, Латвіі і Эстоніі, як высокую ў Літве і як вельмі высокую ў Расеі. Пры тым у Польшчы ўжо пішуць, што «грып шалее».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына ў рэспіратары.
Фота: Engin Akyurt / pexels.com

«Чумное паветра»?..

Па польскіх медыях разыходзяцца словы тамтэйшага доктара Паўла Гжэсёўскага пра «чумное паветра» (powietrze morowe). Чумы ў польскім паветры насамрэч няма, але гэткай метафарай доктар апісвае стан, калі пасля пандэміі ўтвараюцца ідэальныя ўмовы для развіцця розных патагенаў. За час пандэміі ў людзей змяніўся імунітэт, але змяніліся і ўзбуджальнікі іншых хваробаў – нейкія хваробы могуць больш эфектыўна атакаваць арганізм, а імунітэт да іх будзе аслаблены.

З эфектам «чумнага паветра» Гжэсёўскі звязвае надзвычайны рост захворвання на шкарлятыну ў Польшчы (успышкі былі і ў Вялікай Брытаніі і Казахстане). На дадатак да гэтай «нездаровай атмасферы» ў суседніх з Беларуссю краінах фіксуюць рост заражэнняў менінгакокавай інфекцыяй. Што са шкарлятынай, менінгітам і каронавірусам у Беларусі, не вядома.

Што рабіць?

Не панікаваць і рабіць тое самае, што прапаноўвалі рабіць падчас мінулых хваляў ковіду. «Белыя халаты» раяць насіць маскі, трымаць бяспечную дыстанцыю ад іншых людзей і пазбягаць месцаў збору вялікай колькасці людзей, мыць рукі, добра праветрываць памяшканні, пры кашлі прыкрываць рот і нос сурвэткай ці згінам локця. Усё гэта дапаможа і супраць грыпу, і супраць менінгіту, а таксама дапаможа не перагружаць медыкаў, каб у тых засталіся сілы на хворых з групы рызыкі.

Калі ў гэтым годзе вы яшчэ не вакцынаваліся, варта вакцынавацца ад каронавіруса і грыпу. Калі захварэлі, звяртацца па кансультацыю да доктара.

Што яшчэ пачытаць:

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў