Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла пра паступленне ў аптэкі «Белфармацыі» расейскіх лекаў «Скайвіра». Пачак з 10 таблетак каштуе 475 рублёў. Тэарэтычна лекі мусяць дапамагчы хворым на COVID-19 пазбегнуць цяжкага развіцця хваробы. Што на практыцы, невядома.
«Скайвіра» – камбінацыя двух дзейных рэчываў: нірматрэльвіру і рытанавіру. Таксама камбінацыяй гэтых рэчываў ёсць расейскі прэпарат «Мірабівір», які з’явіўся ў беларускіх аптэках месяц таму і каштуе 648 рублёў.
Абодва расейскія прэпараты – аналагі «Paxlovid» ад «Pfizer». У Расеі «Скайвіру» зарэгістравалі ў красавіку. Беларуская супольнасць медыкаў «Белыя халаты» адзначала тады, што пра клінічныя выпрабаваннях «Скайвіры» вядома вельмі мала, вынікі ніводнай з фазаў выпрабаванняў не былі апублікаваныя. З таго часу публікацыяў так і не з’явілася.
«Paxlovid» тады праходзіў клінічныя выпрабаванні і паказаў сярод невакцынаваных зніжэнне імавернасці шпіталізацыі ды цяжкіх ускладненняў на 89 %. Пазней з’явіліся розныя даследаванні, якія паказалі эфектыўнасць нірматрэльвіру і «Paxlovid» у зніжэнні рызыкі цяжкіх наступстваў хваробы ды ўскладненняў пасля хваробы ў пацыентаў з групы высокай рызыкі – як вакцынаваных, так і невакцынаваных.
Таму трэба памятаць:
Што цяпер з каронавірусам у Беларусі, невядома: статыстыку засакрэцілі, паведамленняў пра яе не было з 5 ліпеня. Але да таго гэтая статыстыка не выклікала даверу. Пра вакцынацыю паведамлялі ў кастрычніку: вакцынаваныя крыху больш за 70 % насельніцтва Беларусі, трэцюю дозу вакцыны атрымалі крыху больш за палову насельніцтва. Не выключана, што ў Беларусь ідзе або прыйшла чарговая хваля каронавіруса.
Алесь Наваборскі belsat.eu