«The New York Times» назваў імёны пскоўскіх дэсантнікаў, датычных да забойстваў у Бучы


Журналісты «The New York Times» апублікавалі відэа з вынікамі свайго васьмімесячнага расследавання. Яны высветлілі, што да забойстваў на вуліцы Яблонскай у Бучы Кіеўскай вобласці былі датычныя расейскія вайскоўцы 234 дэсантна-шутрмавога палка з Пскову пад камандаваннем Арцёма Гарадзілава.

Забойствы на вуліцы Яблонскай, якую назвалі «дарогай смерці», не былі выпадковымі і чыніліся наўмысна, сцвярджаецца ў даследаванні «The New York Times». Пскоўскія дэсантнікі шукалі мужчын прызыўнога ўзросту, праводзілі ператрусы ў дамах, удзельнікаў тэрабароны адпраўлялі на допыт, а потым – расстрэльвалі. Забівалі на Яблонскай і выпадковых мінакоў.

Журналісты выявілі прозвішчы як мінімум 22 вайскоўцаў з 234-га палка. У перахопленых перамовах чуліся пазыўныя «Флакон», «Астра» і «Уран», якія згадваюцца ў знойдзеным дакуменце «Радиоданные радиосети 8584», і належаць камандзірам батальённа-тактычных групаў пскоўскага палка. Пад пазыўным «Уран» фігуруе камандзір падраздзялення Арцём Гарадзілаў.

Як падкрэсліваюць у «The New York Times», расследавальнікі не могуць на 100 адсоткаў сцвярджаць, што выяўленыя імі вайскоўцы маюць дачыненне да злачынстваў у Бучы. Аднак доказы сведчаць, што яны былі побач падчас забойстваў.

Таксама журналісты здолелі выявіць імёны 36 чалавек, якія загінулі ў Бучы. Амаль усе апазнаныя былі мірнымі жыхарамі ці ўкраінскімі ваеннапалоннымі. Яны загінулі ад агнястрэльных раненняў, ніхто з іх не быў застрэлены выпадкова. Такім чынам, гэтыя забойствы павінны лічыцца ваеннымі злачынствамі і пераследавацца Міжнародным крымінальным судом.

Генпракуратура Украіны падазрае ў ваенных злачынствах у Бучы вайскоўцаў 76 гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі, якой камандаваў генерал-маёр Сяргей Чубарыкін. У яе склад уваходзяць 104 і 234 палкі з Пскову. Расейскія ўлады называлі паведамленні аб забойствах у Бучы «фэйкам», а любыя сведчанні аб злачынствах «пастаноўкай».

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў