Пастанова пра дазвол на выезд трэба, каб беларусы даносілі на сябе. Гэта абавязкова?


Чыноўнікі хочуць, каб беларусы фактычна самі на сябе даносілі. Таму і з’явілася пастанова №798 «Аб афармленні грамадзянам выезду для сталага пражывання», лічыць дырэктарка Даследчага цэнтру GLOBSEC Алена Кудзько. Даведаліся ў эксперткі, што будзе, калі нічога не афармляць, і што азначае дакумент.

Беларуская мяжа.
Фота: sb.by

«Людзі могуць выехаць і без дазволу»

Згодна з пастановай, грамадзяне, якія хочуць пераехаць за мяжу, павінны звярнуцца ў аддзел міграцыі з адпаведнай заявай. Там просьбу будуць разглядаць 20 дзён і могуць адмовіць у выездзе. Але наколькі гэта абавязкова?

«Прынамсі я не бачыла ў законе нейкую адказнасць за няздачу заявак на гэты дазвол. То бок людзі могуць выехаць таксама і без дазволу. Але, канешне, гэты закон не існуе ў вакууме. Гэта частка групы законаў і адлюстроўвае, у якім кірунку ўвогуле рухаецца беларуская дзяржава.

Дзяржава спрабуе адсочваць, кантраляваць і, калі трэба, абмяжоўваць перамяшчэнні людзей. Усё больш і больш беларускія ўлады ставяцца падазрона да грамадзян, якія жывуць за мяжой», – кажа Алена Кудзько.

Калі казаць пра большы кантроль, то ў прыватнасці дзяржаву цікавяць ваеннаабавязаныя, лічыць суразмоўніца.

«Усё ж дзяржава баіцца, што магчыма наступіць сітуацыя, калі трэба будзе мабілізаваць людзей. І ў гэтым выпадку будзе прасцей іх адсочваць і знайсці. У прынцыпе гэтыя базы дадзеных спрашчаюць жыццё падатковых і ваенкаматаў, але таксама і спецслужбаў, якім будзе прасцей даведацца, хто дзе знаходзіцца», – працягвае экспертка.

Hавiны
У Літве расказалі, колькі беларусаў лічаць пагрозай нацыянальнай бяспецы
2023.11.22 19:07

У Беларусі і без новай пастановы можа абмяжоўвацца выезд, напрыклад, калі чалавек мае запазычанасці па падатках або крэдытах. Калі вас шукае ваенкамат, то на мяжы вас таксама могуць адправіць назад. Навошта тады яшчэ адна пастанова?

«Атрымліваецца, што пастанова не забараняе, але дае магчымасць беларускай дзяржаве знайсці ўмовы, пры якіх адмова на выезд будзе выдадзеная чалавеку. Калі сам чалавек прыйдзе – гэта менш працы ці для падатковай, ці для спецслужбаў. Але, канешне, наўрад ці знойдзецца дастатковая колькасць добраахвотнікаў, якія самі будуць збіраць дакументы і даносіць самі на сябе фактычна. Гэта з пункту гледжання дзяржавы і ёсць самае слабае месца ў законе», – адзначае суразмоўніца.

А як жа пашпарт серыі PP?

Да пастановы таксама ўжо дзейнічала працэдура па афармленню выезду на пастаяннае месца жыхарства за мяжу. Яна існуе для атрымання пашпарту серыі PP, які і азначае, што чалавек жыве не ў Беларусі. З такім пашпартам, напрыклад, у беларускай падаткавай будзе да вас менш пытанняў. Але калі вам трэба пераехаць у іншую краіну, не абавязкова мець такі пашпарт і, суадносна, праходзіць дадатковыя працэдуры ў Беларусі.

«Беларусы, якія знаходзяцца за мяжой могуць фактычна мець пашпарт двух відаў. Адзін – звычайны, якія маюць усе ў Беларусі. З ім таксама можна спакойна пражываць за мяжой. А ёсць пашпарт серыі PP. Гэта значыць, што чалавек афіцыйна не зарэгістраваны ў Беларусі, а зарэгістраваны ў нейкай іншай дзяржаве. Але гэты пашпарт важны менавіта для беларускай дзяржавы. Улады іншай краіны абсалютна не звяртаюць увагу на тое, які тып пашпарту мае беларус. Вялікай розніцы для людзей з пункту гледжання карыстальніка пашпарту няма», – робіць выснову Алена Кудзько.

Hавiны
У Беларусі хочуць караць тых, хто здае жытло замежнікам і не паведамляе пра іх МУС
2023.11.22 16:17

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў