Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэмьер-міністрам Канады Джасцінам Трудо


23 лістапада прайшла сустрэча абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай з прэм’ер-міністрам Канады Джасцінам Трудо. Таксама прайшла сустрэча з беларускай дыяспарай. Аб гэтым паведамляе карэспандэнт «Белсату».

Сустрэча абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай з прэм’ер-міністрам Канады Джасцінам Трудо. 23 лістапада 2022 года, Атава, Канада.
Фота: Белсат.

Пад час сустрэчы з абранай прэзідэнткай Беларусі Святланай Ціханоўскай прэм’ер-міністра Канады Джасцін Трудо паведаў пра згоду ў палітычных структурах Канады адносна стаўлення да беларускага рэжыму і выказаў поўнае падтрыманне беларускай дэмакратыі.

«Гэта была шчырая і змястоўная размова. Ён выдатна арыентуецца ў сітуацыі і ў падзеях 2020 года. Ён сказаў, што быў уражаны і захоплены мужнасцю беларускага народу, і мае надзею, што Беларусь вось-вось стане свабоднай. Дзякуючы яго ўраду, Канада вельмі хутка і рашуча зрэагавала, увяла санкцыі супраць рэжыму і яго памагатых, і надала фінансавую падтрымку беларускім праваабаронцам і грамадскім ініцыятывам», – паведаміла Святлана Ціханоўская па выніках сустрэчы.

Ціханоўская таксама падзялілася падрабязнасцямі размовы з Трудо: «Я казала пра неабходнасць кансалідаванай стратэгіі па Беларусі краінамі «Вялікай сямёркі», пра прыняцце захадаў па абароне беларускай незалежнасці. Я прапанавала дадаць у санкцыйны спіс лукашэнкаўскія тэлеканалы, сілавыя ведамствы, суддзяў і пракурораў. Асобна папрасіла падтрымаць беларускую дыяспару і распавяла пра Раду БНР. Папрасіла таксама, у межах дапамогі Украіне перадаць гуманітарную дапамогу беларускім добраахвотнікам».

«Я думаю сёння мы разгортваем новую старонку ў адносінах паміж Беларуссю і Канадай. Гэты візіт адчыняе новыя дзверы, і я радая што прэмʼер Трудо на нашым баку», – падсумавала Ціханоўская.

Сустрэча Ціханоўскай з прэмʼер-міністрам завяршае афіцыйную праграму працоўнага візіту абранай прэзідэнткі ў Канаду.

23 лістапада ў Атаве прайшла сустрэча Святланы Ціханоўскай з дыяспарай. Як паведамляе карэспандэнт «Белсату», на сустрэчу з розных гарадоў Канады прыехалі каля 100 чалавек, прывезлі з сабой падарункі Святлане і ейным дзецям. Ціханоўская звярнулася да прысутных з прывітальным словам, пасля чаго адбыліся дыялог з удзельнікамі сустрэчы, уручэнне падарункаў і фотасесія.

Святлана Ціханоўская сустракаецца з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Канадзе.
Фота: Белсат

Кожны мог атрымаць фота з учорашняй гістарычнай сустрэчы дзвюх прэзідэнтак Івонкі Сурвілы і Святланы Ціханоўскай. Фота Івонка падпісала асабіста, бо не магла быць на сустрэчы, а Ціханоўская падпісвала адразу падчас сустрэчы і ўручала жадаючым.

Hавiны
Канада ўвяла санкцыі супраць Беларускай чыгункі, банкаў і прадпрыемстваў ваеннай прамысловасці
2022.11.22 21:53

Раней паведамлялася, што падчас працоўнага візіту Святлана Ціханоўская сустрэлася старшынёю Рады БНР у выгнанні Івонкай Сурвілай у афіцыйнай і нефармальнай абстаноўцы. У той жа дзень абраная прэзідэнтка правяла сустрэчу з міністрам замежных спраў Канады Мэляні Жалі, па выніках якой было абвешчана пра санкцыі ў дачыненні да афіцыйных асобаў і прадпрыемстваў у Беларусі.

Таксама Ціханоўская прамовіла перад дэпутатамі парламенту Канады і сустрэлася са спікерам Сенату Джорджам Ф’юры.

Hавiны
«Дзейнічаць неадкладна». Ціханоўская ў Канадзе заклікала выключыць Лукашэнку з «ураўнення»
2022.11.20 18:09

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў