Лукашэнка падпісаў указы пра надзвычайнае становішча і барацьбу з тэрарызмам


Менск, Беларусь. 9 траўня 2021 года.
Фота: Аляксандр Зяньковіч

Аляксандр Лукашэнка 22 лістапада падпісаў прынамсі два новыя рэпрэсіўныя ўказы. Пра гэта паведамілі ў ягонай прэс-службе.

Гэтак, ён «у мэтах далейшага і комплекснага ўдасканалення дзейнасці па абароне канстытуцыйнага ладу» падпісаў указ № 450 «Аб Міжведамаснай камісіі па супрацьдзеянні экстрэмізму і барацьбе з тэрарызмам».

«Ва ўказе ўлічаныя змены заканадаўства ў пытаннях функцыянавання дзяржаўнай сістэмы рэагавання на акты тэрарызму, якія адбыліся ў 2021 годзе, дзейнасць тэрарыстычных арганізацый, незаконных узброеных фармаванняў і масавыя беспарадкі, а таксама практычны вопыт процідзеяння экстрэмісцкім праявам у 2020 – 2021 гадах», – паведамілі ў прэс-службе.

Таксама дакумент зацвердзіў палажэнне аб Міжведамаснай камісіі процідзеяння экстрэмізму і барацьбы з тэрарызмам, вызначыўшы яе задачы, функцыі, склад і асобныя пытанні працы.

Апроч таго, Лукашэнка падпісаў указ № 451 «Аб забеспячэнні рэжыму надзвычайнага становішча». У прыватнасці, зацверджанае Палажэнне пра органы кіравання пры ўвядзенні надзвычайнага становішча. Яно аб’яднае, канкрэтызуе і дапоўніць дзейныя аналагічныя палажэнні аб абʼяднаным аператыўным штабе і камендатуры тэрыторыі, на якой уведзенае НС.

Дакумент вызначае парадак арганізацыі функцыянавання органаў кіравання пры ўвядзенні на ўсёй тэрыторыі краіны або ў яе асобных мясцовасцях надзвычайнага становішча.

Дакументы пакуль не апублікаваныя.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў