Афіцыйны Менск прыпыніў супрацу з NATO


Начальнік Генеральнага штабу Узброеных сіл Беларусі Віктар Гулевіч паведаміў пра тое, што нашая краіна згортвае супрацу з NATO. Акрамя таго, вайсковец абвінаваціў краіны Захаду ў стварэнні міграцыйнага крызісу на беларускай мяжы.

Начальнік Генеральнага штабу Узброеных сіл Беларусі, першы намеснік міністра абароны Віктар Гулевіч выступіў з заявай, у якой папярэдзіў пра «гатовасць рэагаваць на ўзмацненне вайсковай актыўнасці на вонкавым контуры дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь».

Існую сітуацыю вайсковец назваў «складанай на фоне сацыяльна-палітычнай абстаноўкі». Віктар Гулевіч таксама заявіў пра згортванне супрацы з NATO.

«Больш за тое, літаральна на днях быў зроблены чарговы недружалюбны крок з боку еўрапейскіх дзяржаваў. На ініцыятыву NATO быў згорнуты яшчэ адзін канал дыялогу і прыпыненая практычная супраца Паўночнаатлантычнага альянсу з Рэспублікай Беларусь», – сказаў Віктар Гулевіч.

Прадстаўнік Мінабароны лічыць, што вакол Беларусі фармуецца «пояс недружалюбных дзяржаваў».

«Парушаюцца ўсе міжнародныя дамоўленасці ў пытаннях бяспекі і транспарэнтнасці вайсковай дзейнасці. Зневажаюцца палажэнні Венскага дакументу аб захадах умацавання даверу. Мы прапаноўвалі польскаму боку двухбаковую сустрэчу спецыялістаў для назірання за вайсковай дзейнасцю. Але прапановы, якія дазволілі б зняць напружанасць, пакуль не знайшлі чаканай падтрымкі», – наракае беларускае Міністэрства абароны.

Афіцыйны Менск «насцярожваецца», што нібыта адбываецца «непрыхаваная мілітарызацыя грамадскай свядомасці ў суседніх краінах».

Hавiны
«Вядзецца гульня». Спецслужбы Польшчы не чакаюць хуткага заканчэння крызісу
2021.11.23 14:07

СК belsat.eu

 

Стужка навінаў