Былога камандзіра ПВК Вагнэра затрымалі ў Нарвегіі за спробу вярнуцца ў Расею


Расейскага грамадзяніна Андрэя Мядзведзева затрымалі ў Нарвегіі, паведаміў агенцыі «Reuters» ягоны адвакат Бруньюльф Рыснэс. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён спрабаваў мінуць мяжу з Расеяй у абыход пункту пропуску, юрыст гэтую версію зняпраўджвае. Былы камандзір ПВК Вагнэра знаходзіцца ў Нарвегіі з студзеня, калі папрасіў там палітычнага прытулку.

Андрэй Мядзведзеў у Нарвегіі.
Фота: Thomas Nilsen / thebarentsobserver.com

Увечары 22 верасня нарвежская паліцыя арыштавала мужчыну, якога абвінавацілі ў спробе парушыць мяжу з Расеяй. Імя падазраванага не называлася.

Адвакат Бруньюльф Рыснэс пацвердзіў, што быў затрыманы расейскі грамадзянін, колішні камандзір ПВК Вагнэра Андрэй Мядзведзеў. Паводле версіі юрыста, мужчына проста хацеў знайсці месца, дзе ён мінуў мяжу ўпершыню:

«Яго спынілі, калі ён ехаў у таксі. Ён ніколі не быў побач з мяжою. У яго ніколі не было намеру перасякаць мяжу».

Затрыманне Мядзведзева юрыст назваў непаразуменнем і адзначыў, што той мае права вярнуцца ў Расею, калі ён гэтага хоча, аднак для бяспечнага вяртання «шмат што мусіць змяніцца».

Пры гэтым выданне «The Barents Observer» сцвярджае, што пагаварыла з колішнім наймітам неўзабаве перад тым, як ён планаваў уцячы. Мядзведзеў растлумачыў, што не выключае экстрадыцыі ва Украіну, таму вяртанне ў Расею будзе для яго больш бяспечным.

Hавiны
Gulagu.net: Былы камандзір ПВК Вагнэра папрасіў прытулку ў Нарвегіі
2023.01.15 23:17

У памежным горадзе на поўначы Нарвегіі мужчыну выпадкова сустрэла грамадзянка Расеі Алеся Крыўцова, якая на радзіме сталася фігуранткаю крымінальных справаў аб «дыскрэдытацыі войска» і «апраўданні тэрарызму» і паспела эміграваць да прысуду. У сваім Telegram-канале яна напісала, што Мядзведзеў папрасіў яе давезці да мяжы.

Андрэй Мядзведзеў трапіў у Нарвегію ў сярэдзіне студзеня з тэрыторыі Мурманскай вобласці. Ён распавядаў, што на мяжы пералез праз дзве агароджы, а пазней пад брэх сабакаў і страляніну памежнікаў уцякаў па лёдзе возера.

Мядзведзеў таксама паведаміў, што быў камандзірам забітага кувалдаю вагнэраўца Яўгенія Нужына.

У лютым уцекача затрымлівалі за п’яную бойку каля бара і напад на паліцэйскіх, а ў траўні ён казаў пра жаданне вярнуцца на радзіму, бо «не хоча быць хлопчыкам у вялікай гульні».

Аналітыка
Што адбываецца з ПВК Вагнэра ў Беларусі пасля гібелі Прыгожына?
2023.09.06 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў