Скандальна вядомы футбаліст Арцём Мілеўскі завяршыў гульнявую кар'еру


Пра завяршэнне карʼеры 36-гадовы гулец заявіў у сваіх сацыяльных сетках. За карʼеру Мілеўскі забіваў на чэмпіянаце свету і ў Лізе чэмпіёнаў, разбіваў «Ferrari», браў удзел у пʼяных дэбошах і сварыўся з усімі навокал. Хаця пры ўсім гэтым яго любілі і паважалі заўзятары.

На фінішы карʼеры Мілеўскі вярнуўся на радзіму, выгуляў чэмпіянат Беларусі, зноў з усімі пасварыўся і няўдала завяршыў карʼеру гульца ва ўкраінскім «Мінаі», дзе пачынаў гэты сезон.

Арцём Мілеўскі ва ўкраінскім клубе «Мінай».
Фота: fcminaj.com

У 15 гадоў Мілеўскі з’ехаў у Кіеў і адмовіўся выступаць за зборную Беларусі, грымнуў скандал, у развязанні якога ўзяў удзел асабіста прэзідэнт ФІФА Зэп Блятэр. У выніку футбаліст прыняў украінскае грамадзянства і зрабіў на новай радзіме добрую кар’еру. Прынамсі Мілеўскі дабраўся са зборнай Украіны да ¼ фіналу чэмпіянату свету ў 2006 годзе, а з украінскаю моладзеваю зборнай Мілеўскі зрабіўся срэбным прызёрам чэмпіянату Еўропы.

У кіеўскім «Дынама» Арцём правёў 11 сезонаў, выгуляў тры тытулы чэмпіёна Украіны, 3 Кубкі і 4 Суперкубкі Украіны, станавіўся найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Украіны. Кіеўскі клуб Мілеўскі пакінуў таксама са скандалам: пасварыўся з галоўным трэнерам Алегам Блахіным.

За наступныя чатыры гады нападнік змяніў пяць камандаў, Арцём паспеў пагуляць за турэцкі «Gaziantepspor», харвацкія «Hajduk» і «Split», румынскую «Concordia», расейскі «Тосна».

Улетку 2017 года Мілеўскі вярнуўся на гістарычную радзіму, дзе падпісаў першую дамову з берасцейскім «Дынама» і адразу стаў улюбёным футбалістам берасцейцаў. Тады каманда належала гаманцу Лукашэнкі Аляксандру Зайцаву, і ў клубе былі вялікія грошы.

Арцём Мілеўскі ў берасцейскім «Дынама».
Фота: dynamo-brest.by

За «Дынама» Арцём згуляў 38 матчаў, у якіх забіў 10 галоў і аддаў 14 галявых перадачаў. А праз год у Мілеўскага адбыўся канфлікт з маладым трэнерам Аляксеем Шпілеўскім. Для каманды Арцём быў большы аўтарытэт, чымся галоўны трэнер. У выніку клуб быў вымушаны пакінуць спачатку Мілеўскі, а праз месяц з прычыны дрэнных вынікаў і сам Шпілеўскі.

Праз паўгода футбаліст вярнуўся ў берасцейскі клуб, а другую палову 2018-га правёў у вугорскім клубе «Kisvarda». У Берасці Арцём выгуляў чэмпіянат Беларусі і плакаў ад шчасця, распавядаючы ў інтэрвʼю журналістам «Белсату», што гэта самы шчаслівы момант у ягонай карʼеры. І гэта быў хіба апошні пік карʼеры Арцёма Мілеўскага.

Усю карʼеру Мілеўскага пераследавалі скандалы, яго вінавацілі ў парушэнні спартовага рэжыму і ў пʼяных дэбошах. У 2008 годзе за гэта кіеўскае «Дынама» аштрафавала Мілеўскага на $ 100 тысячаў. Апроч іншага, пару гадоў таму ён разбіў сваю машыну «Ferrari», а «Maserati» гульца спалілі невядомыя.

У 2013 годзе Арцём Мілеўскі трапіў у аварыю на сваім «Ferrari» ў Турцыі.
Фота: dha.com.tr

У 2020 годзе Мілеўскі трапіў у палітычны скандал: ён лаянкай адрэагаваў на заклікі падтрымаць былога прэс-сакратара берасцейскага «Дынама», «Міс Беларусь – 2008» Вольгу Хіжынкову, якой прысудзілі 42 дні адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыях пратэсту ў Беларусі супраць кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Пасля футбалісту давялося выбачацца і апраўдвацца.

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў