IT-эксперт Міхаіл Клімароў: Блакаванне YouTube ў Расеі – пытанне часу


Расейскія ўлады актыўна абмяркоўваюць блакаванне YouTube на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, каб перакрыць доступ да непажаданага, з іх гледзішча, кантэнту. Наколькі рэальны такі сцэнар і ці сведчыць тэставанне новага сэрвісу, якім займаецца правайдар «Ростелеком», пра тое, што рыхтуюцца да поўнага блакавання YouTube ў Расеі? Аб гэтым мы паразмаўлялі з IT-адмыслоўцам, дырэктарам расейскай некамерцыйнай арганізацыі «Таварыства абароны інтэрнэту» Міхаілам Клімаровым.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: new-retail.ru

Аб чым гаворка

Расейскі правайдар «Ростелеком» пачаў тэставанне сэрвісу, які дазволіць закрываць доступ да пэўнага кантэнту на YouTube. Пра гэта стала вядома з ліста, які правайдар выслаў сваім працаўнікам з просьбаю выпрабаваць новы сэрвіс.

Сайт размяшчаўся па адрасе ytonline.ru, але на гэты момант ён недаступны. Міхаіл Клімароў пракаментаваў праекту «Можем объяснить», што гэты сэрвіс можа выкарыстоўвацца як фільтр для кантэнту, бо на ім на момант тэставання былі прадстаўленыя ўсе відэа, якія можна было знайсці на YouTube. Але ў любы момант пакінуць умоўных «коцікаў» і адфільтраваць непажаданы кантэнт не будзе вялікай праблемай.

Пытанне часу

«Блакаванне YouTube – гэта пытанне часу, – адзначыў Міхаіл Клімароў у размове з журналістам «Белсату», – бо ён не падпарадкоўваецца расейскім уладам і блакуе нейкія рэсурсы прапагандысцкага кшталту».

Міхаіл Клімароў гаворыць пра тое, што скрыншот з выявамі сэрвісу яму выслалі работнікі «Ростелекому», і гэта сведчыць аб тым, што ўнутры правайдара таксама вядзецца праца, накіраваная на тое, каб «заблакаваць YouTube так, каб яго пры гэтым не заблакаваць».

Наш суразмоўца адзначыў, што яму невядома, калі расейскія ўлады заблакуюць YouTube, «але ў логіцы падзеяў, якія цяпер адбываюцца, блакаванне YouTube непазбежнае, і відавочна, што гэта нейкія крокі для рыхтавання».

«Google» таксама можа заблакаваць Расею

Таксама мы спыталі ў Міхаіла: калі YouTube застанецца, то ці змогуць улады блакаваць доступ да непажаданага кантэнту, у тым ліку для людзей, якія захочуць абысці гэтыя блакаванні з дапамогаю VPN?

Прадказваць нешта, на думку Міхаіла Клімарова, можна, зыходзячы з досведу, які ўжо меў месца. Напрыклад, можна разумець, што ўлады могуць блакаваць інтэрнэт, як гэта адбывалася ў Казахстане ў студзені 2022 года або падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020-м. Што ж датычыць YouTube, то пакуль не было прэцэдэнтаў, каб у адной асобна ўзятай краіне гэты сэрвіс быў надоўга заблакаваны. Досведу Кітаю тут улічваць нельга, бо YouTube як бізнес і як сэрвіс не прыходзіў у гэтую краіну.

Што датычыць Расеі, то YouTube ў ёй займае 30 % усяго інтэрнэт-трафіку: умоўна кажучы, кожны трэці пакет, які перадаецца праз сеткі сувязі, – гэта пакет YouTube. «І калі яго цяпер адключыць, то што тэхнічна адбудзецца з сеткай, мы таксама не ведаем, але можа быць што заўгодна», – адзначыў наш суразмоўца.

Другая частка гэтага пытання, адзначыў Клімароў, звязаная з тым, як паставіцца да гэтага сам «Google» ці, хутчэй, карпарацыя «Alphabet Inc.», якая кіруе кампаніяй «Google». «Рэч у тым, што Расея, вядома, можа заблакаваць YouTube, і гэта нават нескладана зрабіць, але ж і «Alphabet Inc.» можа заблакаваць Расею. І гэта, дарэчы, ужо здаралася на нашай памяці ў 2014 годзе, калі «Google» сышоў з Крыму, то бок там яго сэрвісы былі недаступныя пэўны час. Быў даступны пошук, але нельга было купіць дакументы, карыстацца плацежнымі сістэмамі», – падкрэсліў дырэктар Таварыства абароны інтэрнэту.

Цяпер сітуацыя ў Расеі падобная, кажа Міхаіл Клімароў, тут не працуюць сэрвісы «Google Pay», але працуе аперацыйная сістэма «Android», і што будзе, калі «Google» заблакуе абнаўленні для гэтай сістэмы на тэрыторыі ўсёй Расеі, для ўсіх расейскіх карыстальнікаў, прадказаць складана. А гэта можа мець сур’ёзныя наступствы – напрыклад, у бяспецы, бо перастануць працаваць так званыя Push-паведамленні і г. д.

«І ў любым выпадку эскалацыя ўсіх гэтых рэчаў, што з боку «Google», што з боку расейскіх уладаў, прывядзе толькі да таго, што якасць жыцця расейцаў пагоршыцца», – кажа наш суразмоўца.

Некаторыя забароны можна абыходзіць з дапамогаю VPN, але гэта, па-першае, складана, па-другое, дорага і, нарэшце, VPN цяпер таксама блакуюць, кажа Міхаіл Клімароў. Нейкае выйсце можна будзе знайсці, але забяспечыць сэрвісам VPN усіх расейцаў немагчыма. Паводле звестак Таварыства абароны інтэрнэту, ведаюць аб сродках абыходу блакавання і ўмеюць імі карыстацца прыкладна 30 % карыстальнікаў расейскага інтэрнэту, гэта каля 30 мільёнаў чалавек, але гэта ўсё адно не 100 %.

Удар па ўласнай эканоміцы

На думку Міхаіла Клімарова, «Раскамнагляд» цяпер у становішчы так званага цугцвангу, як у гульні ў шахматы: любы зроблены крок прыводзіць да пагаршэння пазіцыі гульца.

«Калі яны не заблакуюць нічога, то ў Расею будзе пранікаць непажаданая для іх інфармацыя і расейцы будуць даведвацца праўду. А калі заблакуюць, то гэта будзе мець уплыў на эканоміку. І адно і другое прывядзе да таго, што сітуацыя ў Расеі будзе пагаршацца», – падкрэсліў Міхаіл Клімароў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў