Расея плануе выдаць Беларусі яшчэ адзін крэдыт на 1,5 млрд долараў


Расея і Беларусь у пачатку верасня плануюць заключыць дагавор аб выдзяленні крэдыту на 1,5 мільярда долараў на праграмы па імпартазамяшчэння. Пра гэта паведаміў першы віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў падчас цырымоніі адкрыцця абноўленага беларускага павільёна на ВДНГ у Маскве.

Раней Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Маскве некалькі сумесных праектаў па замяшчэнні заходняга імпарту ва ўмовах санкцый. На гэтыя мэты Расея і плануе выдаць крэдыт у памеры 1,5 млрд долараў.

У Міністэрстве прамысловасці пасля заяўлялі, што выдзеленыя сродкі пойдуць на рэалізацыю праграм па імпартазамяшчэнні, у прыватнасці, у машынабудаўнічай галіне. Так, напрыклад, некаторыя беларускія прадпрыемствы плануюць задзейнічаць для выпуску дэталяў расейскага аўтапраму.

Аналітыка
Растуць і складскія запасы, і рэнтабельнасць. Што адбываецца на беларускіх заводах?
2022.08.22 08:30

У канцы снежня 2020 года Расея адобрыла праект пагаднення аб выдзяленні Беларусі крэдыту на суму мільярд долараў. Паведамлялася, што Масква выдзеліць Менску крэдыт двума траншамі па 500 мільёнаў долараў у 2020 і 2021 гадах.

У красавіку 2022 года Расея пагадзілася на адтэрміноўку для Беларусі па гэтым крэдыце на перыяд больш за год.

«Што датычыцца Расейскай Федэрацыі, на год нам прадастаўлена адтэрміноўка па плацяжах – нават не на каляндарны год, а больш. І больш за 1 млрд долараў плацяжоў, якія нам трэба было ажыццяўляць, мы зараз не ажыццяўляем», – расказваў тады кіраўнік Мінфіна Беларусі Юрый Селіверстаў.

Таксама ў красавіку 2022 года расейскае выданне «РБК» пісала, што ў сакавіку Расея выдала амаль рэкордныя па сваіх памерах двухбаковыя крэдыты, агульная сума якіх склала 81,6 мільярда расейскіх рублёў (больш за 1,3 млрд долараў).

Каму канкрэтна прызначаліся гэтыя сродкі – не раскрывалася, аднак да найбольш верагодных прэтэндэнтаў на атрыманне сродкаў эксперты адносяць Іран ці Беларусь.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў