Што чакае беларускія банкі і нашыя грошы ў іх? Паразмаўлялі з эканамістам

Апошні тыдзень нагадаў беларусам, што міжнародныя санкцыі ў дачыненні нашай краіны ўжо дзейнічаюць: рашэнні Еўрапейскага Звязу абмежавалі міжнародныя аперацыі для трох дзяржаўных банкаў, а «Абсалютбанк» праз санкцыі ЗША быў вымушаны спыніць абслугоўванне картак «Visa» і здзяйсненне валютных пераводаў. Мы пагутарылі з эканамістам Дзмітрыем Крукам пра тое, якая будучыня чакае беларускія банкі і да чаго ў цяперашняй сітуацыі рыхтавацца звычайным беларусам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Як заходнія санкцыі б’юць па беларускіх банках?

Эканаміст і старэйшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук адзначае, што сітуацыя з «Абсалютбанкам» пакуль адзінкавая. З ягоных словаў, цяпер цяжка прадбачыць, які банк будзе наступным. Сёння на парадку дня – санкцыі розных краінаў, але важная механіка таго, як дзейнічаюць гэтыя санкцыі і якія ў іх наступствы. Істотна і тое, якая менавіта краіна прыняла гэтыя санкцыі:

«Калі мы гаворым пра «Абсалютбанк», то гэта кейс, калі беларускі банк (пакуль адзіны) трапіў у SDN-ліст OFAC ЗША (OFAC, Office of Foreign Assets Control – Управа кантролю за замежнымі актывамі, яна публікуе адмысловы чорны спіс – SDN, Specially Designated Nationals List, у якім пералічаныя людзі і арганізацыі, з якімі грамадзянам ЗША і сталым жыхарам краіны забаронена займацца бізнесам. – Заўвага Belsat.eu). Трапіць у гэты ліст для фінансавай установы – атрымаць своеасаблівую чорную адмеціну ў глабальным маштабе. Дэ-факта гэта робіць амаль немагчымымі міжнародныя трансакцыі ў доларах. Для любога беларускага банку такая сітуацыя калі не катастрафічная, то блізкая да яе», – тлумачыць Дзмітрый Крук.

Эканаміст трымаецца пазіцыі, што пры пэўных умовах такія ж санкцыі з боку ЗША могуць быць распаўсюджаныя і на іншыя беларускія банкі, але ён пакуль не бачыць падставаў чакаць бліжэйшым часам з’яўлення іншага беларускага банку ў SDN-лісце:

«З аднаго боку, ЗША, краіны ЕЗ і іншыя дэкларуюць, што каардынуюць свае санкцыйныя пакеты. Калі зыходзіць з гэтай логікі, то можна казаць пра тое, што шанцы на ўключэнне ў SDN-ліст ЗША ёсць і ў шэрагу дзяржаўных банкаў, якія пайменна названыя ў санкцыях ЕЗ. З іншага боку, пакуль фінансавы сектар не называецца ва ўказе Байдэна як адна з сектаральных мэтаў санкцыяў (і гэта галоўнае адрозненне ад сектаральных санкцыяў ЕЗ). І «Абсалютбанк» трапіў у ліст не за прыналежнасць да фінансавага сектару, а ў сувязі з тым, што ў SDN-ліст трапілі кампаніі і асобы, афіляваныя з гэтым банкам».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Для астатніх банкаў, асабліва трох дзяржаўных – «Беларусбанку», «Белінвестбанку» і «Белаграпрамбанку» – большаю праблемаю застаюцца санкцыі Еўрапейскага Звязу. Пакуль яны не настолькі крытычныя, але паступова генеруюць шэраг негатыўных эфектаў:

«Калі логіка эскалацыі ў дачыненнях Беларусі з заходнімі краінамі захаваецца, то і сітуацыя з санкцыямі ЗША можа змяніцца. У гэтым выпадку там можа з’явіцца і сектаральны фінансавы кампанент (бягучая рэдакцыя ўказу дазваляе пашыраць падсанкцыйныя сектары, дастаткова ўзгаднення паміж дзяржсакратаром і сакратаром Дзяржаўнай скарбніцы). І тады механізм уключэння ў SDN-ліст можа закрануць буйныя дзяржаўныя банкі», – дадае эксперт.

Як будзе змяняцца банкаўскі сектар Беларусі?

Цяперашняя сітуацыя з беларускімі банкамі вельмі хісткая і невыразная, і ў ёй вельмі шмат чыннікаў. Дзмітрый Крук дапускае розныя сцэнары яе развіцця нават бліжэйшымі месяцамі. Але і прынятыя санкцыі ў дачыненні беларускіх банкаў у далейшым будуць мець істотныя эфекты:

«Па-першае, гэта так званыя пабочныя страты. Напрыклад, рэагуючы цяпер на адток дэпазітаў, якія сыходзяць і ў сувязі з перасцярогамі людзей на фоне санкцыяў, банкі вымушаныя падвышаць адсоткавыя стаўкі па іх. Таксама яны вымушаныя абмяжоўваць сваю крэдытную актыўнасць. Гэта таксама адмоўна ўплывае на фінансавыя вынікі, хоць фармальна і не звязваецца з санкцыямі.

Па-другое, гэта адмоўны інфармацыйны эфект. Калі імёны беларускіх банкаў ці проста беларуская банкаўская сістэма згадваюцца ў сувязі з санкцыямі, гэта перадухіляе фактычных ці патэнцыйных партнёраў мець з імі справу. І гэта таксама можа прыводзіць да істотных стратаў. Больш за тое, такі інфармацыйны эфект можа пачаць пашырацца самастойна. Напрыклад, у пэўны момант гэта можа прывесці да зніжэння рэйтынгу беларускіх банкаў. А гэта амаль гарантавана азначае новую хвалю праблемаў і пагаршэння ў адносінах з контрагентамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Па-трэцяе, гэта эфект страчаных магчымасцяў. Напрыклад, санкцыі ЕЗ накладваюць істотныя абмежаванні на бізнес-адносіны з падсанкцыйнымі банкамі. Яны страчваюць шмат інструментаў, на якія маглі б разлічваць у нармальным стане. Калі гэтая сітуацыя зацягнецца, то адарванасць і ізаляванасць ад перадавога свету будзе адбівацца і на фундаментальных якасцях канкурэнтаздольнасці. Пра тэхнічныя і тэхналагічныя навацыі ў банкаўскай справе нашыя банкі ўсё больш будуць чуць праз трэція рукі, але «дакрануцца да іх і памацаць» будзе ўсё больш праблематычна», – тлумачыць эканаміст.

Якія наступствы санкцыяў для беларусаў?

Дзмітрый Крук адзначае, што пакуль яшчэ рана разважаць пра наступствы ад санкцыяў у банкаўскім сектары для звычайных беларусаў. Цяпер відавочныя толькі праблемы з міжнароднымі пераводамі і плацяжамі. То бок могуць узнікнуць складанасці з разлікам карткамі за мяжой і пераводамі грошай з-за мяжы, але гэта будзе залежыць ад канкрэтнай сітуацыі. Таксама цяпер заўважнае звужэнне доступу да крэдытаў і падвышэнне ставак па іх. На думку эксперта, гэтыя рэчы могуць стаць хранічнымі.

«Калі ж сітуацыя дасягне ўзроўню паўнавартаснага банкаўскага крызісу, то яна можа пацягнуць за сабою і праблемы з доступам да сваіх ашчаджэнняў. Больш за тое, часцей за ўсё эпізоды банкаўскага крызісу перарастаюць у больш шырокі фінансавы і/ці эканамічны крызіс. У гэтым выпадку камбінацыя наступстваў можа складацца з інфляцыі, зніжэння даходаў, беспрацоўя і іншага», – кажа эксперт.

Як будуць змяняцца стаўкі па дэпазітах?

Дзмітрый Крук дадае, што праблемы беларускіх банкаў выкліканыя не толькі санкцыямі з боку краінаў Захаду. Важна ўлічваць і істотнае зніжэнне даверу да банкаўскай сістэмы і адток валютных дэпазітаў насельніцтва. Гэткая тэндэнцыя назіраецца ўжо паўтара года і, у сваю чаргу, прыводзіць да падвышэння ставак па дэпазітах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

«У дачыненні рублёвых дэпазітаў Нацбанк хоць часткова і далёка не паслядоўна, але ж неяк рэагаваў на зменлівую кан’юнктуру ў гэтыя паўтара года. Адпаведна, стаўкі па рублёвых дэпазітах, няхай і не ў поўнай меры адлюстроўвалі ўмоўна раўнаважны ўзровень ставак за кошт шэрагу штучных абмежаванняў і механізмаў, але хаця б рухаліся ў адным напрамку з гэтым раўнаважным узроўнем (то бок падвышаліся). Апошнія месяц-два тут прынцыпова сітуацыя не змянілася, і далейшы рост ставак, які можна пабачыць, адлюстроўвае рост рызыкаў, у тым ліку звязаных з санкцыямі.

У дачыненні ставак па валютных дэпазітах сітуацыя адрознівалася. Дэкларуючы мэту дэдаларызацыі, яшчэ на пачатку 2019 года Нацбанк іх амаль замарозіў. Таму за паўтара года бурнага адтоку валютных дэпазітаў фактычны ўзровень ставак вельмі адстаў ад таго, які б можна было назваць раўнаважным. Напрыканцы чэрвеня Нацбанк адмяніў тое абмежаванне, і адбылося пэўнае вызваленне ставак па валютных дэпазітах. Таму мы цяпер і бачым іх істотны скачок. Але вельмі сумняюся, што гэта зможа развярнуць трэнд адтоку валютных дэпазітаў. З гэтага пункту гледжання рашэнне запозненае. У найлепшым выпадку яно, хутчэй, дазволіць запаволіць гэты адток».

Сілавікі сабраліся атрымаць поўны доступ да банкаўскай інфармацыі беларусаў, – НАУ

ВК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны