У Беларусі ліквідуецца Бізнес-школа ІПМ – такое рашэнне прыняў Менгарвыканкам 21 ліпеня. Яна была створана яшчэ да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.
Бізнес-школа ІПМ была створана ў снежні 1993 года «Інстытутам прыватызацыі і менеджменту». Яна дзейнічала паводле мадэлі еўрапейскіх устаноў бізнес-адукацыі. Якасць адукацыйных паслуг школы была пацверджаная міжнароднай акрэдытацый IQA (International Quality Accreditation), якую дае Асацыяцыя CEEMAN (Цэнтральна- і Усходне-еўрапейская асацыяцыя развіцця менеджменту).
Бізнес-школа супрацоўнічала з адукацыйнымі ўстановамі менеджменту Вялікай Брытаніі, ЗША, Нямеччыны, Польшчы, Славеніі, Швейцарыі, Швецыі, была чальцом Расейскай асацыяцыі бізнес-адукацыі.
У 2011 годзе Бізнес-школа ІПМ стала заснавальнікам і чальцом Асацыяцыі развіцця менеджменту (АРМ). Дзейнасць АРМ сфакусаваная на прасоўванні менеджменту і бізнес-адукацыі ў Беларусі, аб’яднанні намаганняў адукацыйных устаноў для павелічэння якасці бізнес-адукацыі ў Беларусі і лабіяванні інтарэсаў гульцоў рынку бізнес-адукацыі ва ўладных структурах.
У 2015 годзе Бізнес-школа ІПМ адкрыла рэгіянальныя навучальныя класы ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі. У 2019 годзе яна паспяхова атрымала рэ-акрэдытацыю CEEMAN IQA на новы шасцігадовы перыяд.
Пры бізнес-школе ІПМ дзейнічаў Даследчы цэнтр ІПМ, якія супрацоўнічаў з беларускімі і замежнымі аналітычнымі цэнтрамі, грамадскімі групамі і арганізацыямі, а таксама міжнароднымі фінансавымі інстытутамі, якія працуюць у Беларусі. Ён таксама даваў інфармацыйныя і кансультацыйныя паслугі ў эканоміцы і бізнесе: штомесячны агляд эканомікі Беларусі, макраэканамічныя прагнозы і тэндэнцыі развіцця беларускага бізнесу.
Апроч таго, у Бізнес-школе ІПМ адным з напрамкаў дзейнасці быў «Асесмент», што спецыялізуецца на правядзенні комплекснай ацэнкі персаналу для розных мэтаў кампаніі. Як адзначаецца на сайце ўстановы, гэта адзіная кампанія ў Беларусі, якая мае такую прафесійную спецыялізацыю.
У 2013 годзе Бізнес-школа ІПМ пры ўдзеле Цэнтру сацыяльна-эканамічных даследаванняў «CASE Belarus» стварыла Кастрычніцкі эканамічны форум (KEF) – пляцоўку для адкрытага прафесійнага дыялогу аб устойлівым развіцці Беларусі ў кантэксце развіцця глабальнай эканомікі. Ягонай мэтай было фармаванне нацыянальнага парадку дня ў сферы сацыяльна-эканамічнай палітыкі.
Сярод удзельнікаў апошняга форуму KEF, які прайшоў у 2019 годзе, былі, напрыклад, першы віцэ-прэм’ер Беларусі Аляксандр Турчын, намеснік старшыні праўлення Нацбанку Дзмітрый Калечыц, міністр фінансаў Максім Ермаловіч, намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч, кіраўнікі беларускіх камерцыйных банкаў, дыпламаты і прадстаўнікі міжнародных фінансавых інстытуцыяў.
МГ belsat.eu