Расколіны ў купале святыні павялічваюцца і таму патрэбнае ўсталяванне страховачных канструкцыяў і ўмацаванне.
20 ліпеня была прадстаўлена справаздача па выніках абследавання стану будслаўскай базілікі пасля пажару, які здарыўся ў Нацыянальным санктуарыі 11 траўня, піша Сatholic.by
Па выніках абследавання будынку касцёла спецыялісты адзначылі, што ад уздзеяння высокіх тэмператураў найбольш пацярпелі цагляныя канструкцыі купалу цэнтральнай навы: у ім з’явіліся расколіны, была страчаная верхняя абмазка, пачаў адслойвацца тынк на ўнутранай паверхні.
Тэхнічны стан купалу будслаўскай базілікі прызнаны аварыйным, расколіны ў ім павялічваюцца і таму патрэбнае ўсталяванне страховачных канструкцыяў і ўмацаванне.
Павялічваюцца расколіны таксама ў скляпенні правай навы.
Адсутнасць даху і ўмовы надвор’я выклікаюць насычэнне вільгаццю цаглянай кладкі скляпенняў і сценаў пад імі, што можа ў далейшым прывесці да страты атынкоўкі з каштоўным фрэскавым жывапісам. Гаворка ідзе пра славутыя будслаўскія «аптычныя алтары».
Каб перадухіліць гэтыя працэсы, была зроблена абарона будынку ад дажджу з падручных матэрыялаў з арганізаваным водаадводам за межы будынку.
Гэта знізіла магчымасць далейшых пашкоджанняў, але не выключыла яе цалкам.
Адна з цяжкасцяў, з якой у ходзе працы сутыкнуліся спецыялісты, – гэта практычна поўная адсутнасць архіўных матэрыялаў па будынку касцёла. Раней не праводзілася яго комплекснае навуковае вывучэнне, у тым ліку і архітэктурна-рэстаўрацыйныя абмеры. Неабходныя інжынерныя абмеры пачалі рабіцца толькі цяпер. Акрамя таго, спецыялісты даследавалі падмуркі касцёла і грунт пад імі, у выніку чаго была зроблена выснова пра неабходнасць умацавання падмуркаў, паколькі іх зношанасць складае 55%, а агульны стан прызнаны незадавальняючым.
Выяўлены таксама шэраг іншых праблемаў, прычым не ўсе з іх звязаныя з нядаўнім пажарам. Але іх, тым не менш, так ці інакш давядзецца вырашаць для захавання будслаўскай базілікі.
У сувязі з гэтым у бліжэйшы час прадугледжваюцца наступныя выдаткі:
Збор сродкаў на аднаўленне Будслаўскага касцёлу распачаўся ў дзень пажару.
З 11 траўня па 20 ліпеня было сабрана 963 584,44 беларускіх рублёў.
ГГ, belsat.eu