Адстаўку амбасадара Украіны назвалі адказам на расейскую ядравую зброю ў Беларусі


Звальненне амбасадара Украіны звязанае з планамі размясціць у Беларусі расейскую ядравую зброю, заявіў у каментары «Белсату» украінскі палітолаг Яўген Магда. Ён адзначыў, што новы пасол будзе ўручаць даверчыя граматы толькі новаму прэзідэнту Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нацыянальныя сцягі Украіны і Беларусі на акцыі «Жанчыны супраць вайны». Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2022 года.
Фота: ТК / Белсат

Адстаўку амбасадара Украіны ў Менску ўкраінскі палітолаг Яўген Магда назваў адказам на планы размясціць у Беларусі расейскую ядравую зброю. Пра гэта ён заявіў «Белсату», каментуючы рашэнне прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага вызваліць Ігара Кізіма з пасады пасла:

«Звальненне ўкраінскага пасла – гэта не выпадковы жэст. Ён ужо колькі месяцаў знаходзіўся ў Кіеве на кансультацыях пасля таго, як Лукашэнка прыняў Пушыліна ў Менску. Гэты жэст насамрэч звязаны з тым, што Беларусь гатуецца размясціць на сваёй тэрыторыі ядравую зброю».

Каментар
Павел Латушка прадказаў прызначэнне новага амбасадара Украіны толькі пасля змены ўлады ў Беларусі
2023.06.23 20:31

Магда падкрэсліў, што дыпламатычныя адносіны паміж дзвюма краінамі застаюцца, хаця ўзровень гэтых зносінаў цяпер паменшаны.

«Не выключаю, што будзе іншы дыпламат часова павераным у справах, але ён не будзе ўручаць даверчыя граматы Лукашэнку. Паколькі Лукашэнку Кіеў палітычна не прызнае, то новы пасол Украіны будзе ўручаць даверчыя граматы толькі новаму прэзідэнту Беларусі», – сказаў эксперт.

Ён растлумачыў, што Кіеў не хоча закрываць амбасаду ў Менску дзеля сваіх грамадзянаў: праз Беларусь трывае абмен ваеннапалоннымі, акрамя таго, праз Беларусь украінцы вяртаюцца на радзіму з Еўропы.

«Беларусь пагадзілася іх прапускаць праз адзіны пункт на мяжы з Валынскай вобласцю з мінімальнымі дакументамі, фактычна з пропускам у басейн, умоўна кажучы, абы фота было. Дзясяткі тысячаў грамадзянаў Украіны цяпер у Беларусі. Калі зараз разарваць дыпламатычныя зносіны, гэтыя грамадзяне даволі хутка стануць грамадзянамі Беларусі. Да іх проста прыйдуць і скажуць хутка змяніць грамадзянства, бо няма каму за іх уступіцца», – заўважыў палітолаг.

Дыпламаты амбасады Украіны ў Беларусі ў дзень вышыванкі. Злева – колішні кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва Ігар Кізім. Менск, Беларусь. 19 траўня 2022 года.
Фота: Посольство України в Республіці Білорусь / Facebook

Суразмоўца «Белсату» таксама пракаментаваў праект пастановы Вярхоўнай Рады аб прызнанні Беларусі краінай-агрэсарам. Кажа, што, нават калі дакумент ухваляць, да разрыву дыпламатычных адносінаў гэта не прывядзе.

«Вонкавай палітыкаю краіны кіруе прэзідэнт Украіны. І няма наўпроставай карэляцыі паміж такой пастановаю і тым, што будуць разарваныя дыпламатычныя адносіны. Прэзідэнт можа іх разарваць без пастановы парламента. А пастанова парламента будзе не абавязковай для выканання прэзідэнтам», – адзначыў Яўген Магда.

22 чэрвеня Зяленскі падпісаў указ аб звальненні Кізіма з пасады пасла ў Беларусі. З сакавіка дыпламат знаходзіўся ў Кіеве. Тады Кізіма адклікалі на кансультацыі пасля перамоваў у Менску Лукашэнкі з кіраўніком гэтак званай ДНР Дзянісам Пушыліным.

Аналітыка
Як і чаму афіцыйны Кіеў карэктуе сваю палітыку ў дачыненні Беларусі
2023.06.02 07:00

belsat.eu

Стужка навінаў