Заява польскай тэлекампаніі TVP з нагоды пачатку суда над журналісткай Ірынай Слаўнікавай


Польскае тэлебачанне (TVP) выступіла з заяваю з нагоды суда над журналісткай Ірынай Слаўнікавай, які пачынаецца 23 чэрвеня ў Гомлі.

Ірына Слаўнікава.
Фота: Ирина Славникова / Facebook

Палітзняволеная журналістка, супрацоўніца польскага тэлеканалу TVP Ірына Слаўнікава застаецца пад вартай з 30 кастрычніка 2021 года. Ёй пагражае да 7 гадоў калоніі строгага рэжыму нібыта за «арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх» (арт. 342 КК) і «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» (арт. 361-1 КК).

«Выстаўленыя абвінавачанні адназначна сведчаць пра злы намер рэжыму Лукашэнкі, які выкарыстоўвае цалкам залежны ад сябе судовы апарат, каб прыбраць з грамадскага жыцця такіх асобаў, як Ірына Слаўнікава. Яна, як журналістка Польскага тэлебачання і прадстаўніца незалежнай журналісцкай супольнасці, актыўна праявіла сябе ў справе данясення да беларусаў праўдзівай інфармацыі.

Рэпрэсіі ў дачыненні Ірыны Слаўнікавай ды іншых журналістаў, якіх цяпер за кратамі ў Беларусі некалькі дзясяткаў, – гэта істотны элемент брутальнай барацьбы рэжыму з грамадзянскай супольнасцю, якая не можа існаваць без доступу да незалежных медыяў».

Таксама кіраўніцтва TVP звяртаецца да міжнароднай супольнасці з заклікам падтрымаць Ірыну ды іншых асобаў, якіх беларускі рэжым пераследуе за тое, што яны робяць сваю працу.

Ірыну Слаўнікаву разам з яе мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі ў менскім аэрапорце 30 кастрычніка па вяртанні з адпачынку, і вось ужо 7 з пловаю месяцаў яна застаецца за кратамі. Пасля месяца на Акрэсціна Ірына паўгода правяла ў СІЗА на Валадарскага. Цяпер яна ў гомельскім СІЗА.

Судзіць яе будзе Мікалай Доля, той самы, які судзіў Сяргея Ціханоўскага і іншых фігурантаў «справы Ціханоўскага». Паседжанне будзе закрытым.

Артыкулы
Муж Ірыны Слаўнікавай: Тое, што цяпер адбываецца, яе не зламае. Яна застанецца сабою, і стане яшчэ мацнейшая
2022.06.23 09:34

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў