Як пачынаюцца войны?

Напэўна, маё разуменне адказу на гэтае пытанне падасца занадта спрошчаным: з нараджэння на зямлі недачалавека. Менавіта так: недачалавека! Бо абсалютная большасць людзей жыве, працуе, працягвае свой род і імкнецца да таго, каб усё было мірна, спакойна і добра. Войны пачынаюць тыя, каму гэтага мала, у каго з’яўляюцца амбіцыі ўзняцца над усімі, штосьці захапіць, кагосьці прыструніць, а камусьці і адпомсціць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Evgenia Novozhenina / Reuters / Forum

На жаль, грамадства страчвае пільнасць, губляе такога чалавека з вачэй, калі ён расце і развіваецца. Як вынік, мы дапускаем яго ўладарыць над лёсамі мільёнаў. Да яго самаадчуванняў дадаюцца прагнасць, беспакаранасць і ідалапаклонства пакорлівых плебеяў, прапаганда – і гарматы перастаюць маўчаць. Дыпламатычных высілкаў перапыніць унутраныя і вонкавыя канфлікты ўжо бракуе, дадаюцца нездаровыя памкненні агрэсараў, і свет сутыкаецца з чарговай дэманстрацыяй сілы магутных над слабейшымі.

Вайна, на жаль, застаецца пастаяннаю спадарожніцаю чалавечага жыцця. Паводле падлікаў навукоўцаў, за скрайнія шэсць стагоддзяў адбылося каля 15 тысяч войнаў, у якіх загінула больш як 3,5 млрд чалавек. Існавала перакананне, што першабытны час быў адзіным мірным перыядам у гісторыі, а першабытны чалавек (у літаратуры даецца тэрмін «нецывілізаваны дзікун») – істотаю, пазбаўленай якой бы там ні было ваяўнічасці і агрэсіўнасці. Хоць найноўшыя археалагічныя даследаванні дагістарычных стаянак у Еўропе і Паўночнай Амерыцы сведчаць, што ўзброеныя сутыкненні (магчыма, паміж індывідамі) адбываліся яшчэ ў неандэртальцаў: напад на суседзяў, гвалтоўны захоп маёмасці і жанчын. Гледзячы на невысокі інтэлектуальны ўзровень таго часу, прыходзіш да высновы: шмат чаго рабілася на інстынктах.

На адным з расейскіх рэсурсаў знайшоў цікавую статыстыку. «Паводле звестак ваенных гісторыкаў, колькасць войнаў з часам пастаянна павялічвалася. У ХVI стагоддзі іх было 106, у ХVII – 231, у ХVIII – 703, у ХIХ – 730 войнаў, у ХХ стагоддзі, яшчэ да Другой сусветнай, налічвалася ажно 882 вайны, а пасля – больш за 300.

Прыводзіцца нават статыстыка кошту адной смерці ў перыяд ваенных дзеянняў у розны час. Так, падчас праўлення цэзараў забойства аднаго чалавека на вайне каштавала 1 долар (у эквіваленце). У час Напалеона трацілі 1000 долараў. У час Першай сусветнай на аднаго забітага выдаткоўвалі 21 тысячу долараў, а ў Другой сусветнай – ужо 200 тысяч долараў.

Задаецца пытанне: а ці прымальна называць чалавека homo sapiens – чалавек разумны, калі ён у такіх маштабах забівае сабе падобных? Ці можна назваць чалавека адэкватным, калі людзі выдаткоўваюць на падрыхтоўку і вядзенне вайны больш за трыльён долараў на год? На жаль, ХХI стагоддзе амаль адразу адкрыла лік войнаў (вайна ў Афганістане 2001–2021 гг.), і ён будзе працягнуты.

Французскі пісьменнік Жан-Жак Русо (Jean-Jacques Rousseau), які нарадзіўся на пачатку XVIII  стагоддзя ў Рэспубліцы Жэнева, што ў францускамоўным кантоне на паўднёвым захадзе Швейцарыі, увайшоў у гісторыю яшчэ і як мысляр, музыказнаўца, кампазітар і батанік. Надзвычай таленавітая і рознабаковая асоба, Русо распрацаваў форму праўлення народу дзяржаваю – наўпроставую дэмакратыю, якая выкарыстоўваецца і да сёння, напрыклад, у Швейцарыі. Але франка-швейцарац цудоўна разумеў, што ў гэтым свеце паняцце дэмакратыі вельмі хісткае, а часам і эфемернае. Таму ягоныя цытаты і афарызмы часта датычылі і той сітуацыі, якую мы цяпер называем аўтакратыяй і таталітарызмам. Сярод шматлікіх выказванняў Жан-Жака Русо ў кантэксце гэтага матэрыялу згадаю наступныя:

«Лягчэй заваёўваць, чым кіраваць. З дапамогаю адпаведнага рычага можна адным пальцам пахіснуць мір; але каб падтрымліваць яго – патрэбныя плечы Геракла».

«Не цяжка зразумець, што вайна і заваяванні з аднаго боку, і дэспатызм, які ўвесь час пагаршаецца, – з іншага, узаемна дапамагаюць адно аднаму; што ў народу, які складаецца з рабоў, можна ўдосталь браць грошы і людзей, каб з іх дапамогаю скараць іншыя народы; што вайна дае адначасова і падставы для новых грашовых пабораў, і не менш прыстойную прычыну, каб пастаянна захоўваць шматлікія арміі, каб трымаць народ у страху».

Калі пра такія рэчы казалі ў XVIII стагоддзі, то яны нават больш актуальныя сёння, таму можна смела прызнаць, што чалавецтва не эвалюцыянуе, а толькі дэградуе. Гэта калі мець на ўвазе агульны падыход. Вядома, развіваюцца тэхналогіі, сучаснасць адцяняе мінулае, але нязменнымі застаюцца нездаровыя амбіцыі нездаровых палітыкаў, гатовых знішчаць усё навокал, каб апярэдзіць сітуацыю, – каб не здарылася так, што захопяць цябе.

У гісторыі нічога не паўтараецца дакладна, але аналогіі прасочваюцца. У жніўні 2008 года вядомы амерыканскі палітолаг польскага паходжання, нарадзінец Варшавы Збігнеў Бжэзіньскі (Zbigniew Brzeziński) параўнаў замежнапалітычны курс тагачаснага прэм’ер-міністра Расеі Уладзіміра Пуціна са сталінскай і гітлераўскай палітыкаю 1930-х гадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: AA / Abaca Press / Forum

«Апраўданне Пуціным ваенных дзеянняў у Грузіі абаронаю расейскіх грамадзянаў, якія жывуць у Паўднёвай Асеціі, можна параўнаць з тым, як выкарыстоўваў Гітлер меркаванае прыцясненне этнічных немцаў у Судэцкай вобласці ў якасці падставы для анексіі Чэхаславаччыны ў 1938 годзе. Паралелі яшчэ больш уражваюць, калі зірнуць на стратэгію Пуціна ў дачыненні Грузіі і ўварванне Сталіна ў Фінляндыю ў 1939 годзе. Такая нязменная хада гісторыі. Падзеі, якія адбываліся ў мінулым стагоддзі, паўтараюцца сёння, толькі крыху ў іншым выглядзе».

Грузія, Чачэнская Рэспубліка, цяпер Украіна. А ў планах, паводле расейскіх прапагандыстаў, Малдова, Казахстан і, як будуць добра падрыхтаваныя, – Заходняя Еўропа. Гэта можа быць без канца. Пуцінская інтэрвенцыя ў Грузіі ўсё ж адрозніваецца ад цяперашняй  ва Украіну. Тады ён не паспеў яшчэ падрыхтаваць супольнасць да агульнай нянавісці да суперніка. Цяпер усё гэта ёсць. Большасць расейскага грамадства не кажа: людзі з Украіны, украінскія дзеці, украінскія жанчыны, пажылыя людзі.

У абалваненага дзяржаўнай прапагандаю электарату няма ўсведамлення, што не можа быць цэлы народ, цэлая нацыя – тэрарыстамі, ненавіснікамі, забойцамі. Але ў суцэльным выкарыстанні падчас розных апытанняў шараговых грамадзянаў Расеі, у рыторыцы расейскіх дзяржаўных і палітычных дзеячаў гучаць словы нейкай незразумелай і беспадстаўнай помсты і нянавісці: «укранацысты», «украфашысты», «бандэраўцы». Няма людзей, ёсць ярлыкі.

Вялікімі прыхільнікамі таго, каб абразіць украінскае кіраўніцтва, застаюцца асобы, ад якіх акурат залежыць выроўніванне сітуацыі. Але толькі тады, калі яны (як тыя, хто хоча вылечыцца ад алкагольнай залежнасці) самі пажадаюць гэтага.

Толькі сам Пуцін, а за ім ягоны прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў, старшыня Дзяржаўнай Думы Федэральнага сходу Вячаслаў Валодзін, нарадзінка Украінскай ССР, старшыня Савету Федэрацыі Федэральнага сходу Валянціна Матвіенка, не кажучы ўжо пра вялізную колькасць нізкапробных прапагандыстаў, узмацняюць інтанацыю, калі вымаўляюць словы «ўкраінскі рэжым», падаючы гэта як нешта ганебнае, прыніжальнае, шкоднае. І людзі вераць, што рэжым – гэта значыць, прыцясненне свайго народу, масавы генацыд і уладабесіе.

Насамрэч жа тэрмін «палітычны рэжым» не значыць нічога дрэннага. Гэта звычайнае «кіраванне, камандаванне, сукупнасць сродкаў і метадаў, з дапамогаю якіх ажыццяўляецца палітычная ўлада ў дзяржаве». Іншая рэч, што рэжымы бываюць розныя, у тым ліку і дэмакратычныя. Але ёсць і рэжымы аўтарытарныя, таталітарныя. Менавіта гэтага разумення бракуе расейцам, каб ведаць, што менавіта і ў іх, і ў Беларусі ўсталяваліся такія. Пры тым, што ва Украіне і блізка такога няма.

Падтрымліваць вайну лёгка: ты на баку большай часткі народу, ты за прэзідэнта і ўрад, ты не здраднік, як лічыцца, і жывеш спакойна, нават не думаючы пра тое, што дзесьці тысячамі гінуць такія ж людзі. Тым больш, не шкадуеш іх. Не падтрымліваць вайну – вельмі праблематычна ў таталітарным грамадстве. Значыць, ты супраць свайго народу, супраць палітыкі дзяржаўных дзеячаў, ты – белая варона, бяльмо на воку. Вытрымаць такі прэсінг і не пахіснуцца, не здрадзіць сабе, сваёй веры, маралі, духоўнасці, – магутная здатнасць, якая прымусіць паважаць цябе, твой род, тваё прозвішча праз шмат гадоў. Калі краіна вернецца ў рэчышча мірнага існавання з усімі дзяржавамі, найперш з суседнімі, калі людзі будуць спакойна вучыцца, працаваць, ствараць сем’і, гадаваць дзяцей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бой амерыканскага баксёра Мухамэда Алі з японцам Энтані Інокі ў Токіа, Японія. 26 чэрвеня 1976 года.
Фота: East News

У красавіку 1967 года 25-гадовы амерыканскі баксёр Мухамэд Алі быў выкліканы ў прызыўны цэнтр для прыняцця прысягі (ЗША вялі ваенныя дзеянні ў В’етнаме). Прыехаўшы ў Луізіяну, ён зрабіў усё, каб яго не забралі ў войска. Сярод іншага, ён няправільна запоўніў вайсковую анкету, назваўшы прэзідэнтам ЗША Ўільяма Шэкспіра. Ён адмовіўся выйсці з шыхта на прыняцці прысягі. Не рэагаваў, калі яго назвалі цывільным імем Кэсіюс Клэй.

У тлумачальнай запісцы знакаміты баксёр патлумачыў, што не будзе служыць у войску праз свае рэлігійныя перакананні, а на судзе, які адбыўся 19 чэрвеня 1967 года, прамовіў:

«Я не сварыўся з в’етнамцамі, нічога не маю супраць іх. Яны не зрабілі мне анічога дрэннага, не называлі мяне неграм, не абмяжоўвалі мяне ў правах, не лінчавалі. Хочаце адправіць мяне ў турму – калі ласка. Але я не паеду за 10 тысяч кіламетраў, каб забіваць гэтых няшчасных, бедных людзей. Лепш пасяджу ў турме і памру, ваюючы з вамі. Менавіта вы сталі на маім шляху да свабоды, не дазваляеце мне быць роўнымі з іншымі і не паважаеце маіх рэлігійных правоў».

На прысяжных гэта не зрабіла ўражання, і Алі прызналі вінаватым, завялі крымінальную справу, пакаралі 5 гадамі турмы, штрафам 10 тысяч долараў і забралі пашпарт, пазбавіўшы магчымасці выязджаць за межы ЗША. Але адвакаты здолелі зрабіць так, каб Мухамэда ў турму не пасадзілі. Да гэтага, 28 красавіка 1967 года, Алі пазбавілі баксёрскай ліцэнзіі і тытулаў чэмпіёна свету (WBA, WBC, The Ring), якімі ён валодаў тры гады. На гэта Алі адказаў у сваім стылі: «Я заваяваў пояс на рынгу. Ён ляжыць у мяне дома, і  на ім напісана, што страціць яго я таксама магу толькі на рынгу».

Як не пайсці ў войска і не трапіць на вайну, – разважаў яшчэ тры гады таму журналіст газеты «Спорт-экспресс» Міхаіл Патапаў. «Гэтыя пытанні былі актуальныя і сто, і пяцьдзясят гадоў таму. Працягваюць і цяпер хваляваць людзей у розных краінах. Хтосьці не хоча ісці ў войска з-за страху. Але гэта не выпадак Мухамэда Алі. У яго былі іншыя матывы, якія цяпер здаюцца жалезнымі. Але тады, 28 красавіка 1967 года, гэта было крокам супраць сістэмы. Ён рызыкнуў кінуць выклік – і перамог!»

Колькі сёння такіх Мухамэдаў Алі ў сучаснай Расеі? Хто з іх увойдзе ў гісторыю? Несумненна, яны ёсць. Але толькі адзінкі. Пра іншых згадваць можна будзе толькі з вялікім сорамам і ганьбаю. Гэта ж датычыць і акупаванай лукашэнкаўскімі хаўруснікамі Беларусі. Усе праўладныя дзеячы, прапагандысты, сілавікі, суддзі – гэта тая біямаса, якая проста праваліцца, знікне ў змроку гісторыі. Тыя, пра каго ніхто і ніколі не згадае ў Новай Беларусі. І, вядома, ніхто пра гэта не пашкадуе.

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў