Офіс берасцейскага «Дынама» прадаюць за даўгі


На пляцоўцы па продажы арыштаванай і канфіскаванай дзяржавай маёмасці з’явіўся офіс футбольнага клуба, які знаходзіцца пад асабістай апекай першых асоб Берасцейскай вобласці. Будынак знаходзіцца ў самым цэнтры Берасця на вуліцы Леванеўскага і ахоўваецца дзяржавай.

Першапачаткова ў гэтым будынку, які быў пабудаваны ў 1923 годзе, жылі сямʼі чыноўнікаў, затым размяшчалася казіно, ваенная камендатура, але ў 2006 годзе будынак выкупіў футбольны клуб «Дынама» Берасце. Калі ў клуба былі цяжкія часы офіс некалькі разоў выстаўляўся на продаж. Цяпер жа гістарычны будынак канфіскаваны за даўгі. Яго прадаюць за 1 414 000 беларускіх рублёў (559 тысячаў долараў).

Скрыншот: e-auction.by

Раней берасцейскім «Дынама» кіраваў бізнесовец і «гаманец Лукашэнкі» Аляксандр Зайцаў. Пры ім футбольнае «Берасце» перажыло найлепшыя часы ў сваёй гісторыі: каманда выйграла шэраг трафеяў, у тым ліку ў 2019 годзе чэмпіёнства. Але пасля 2020 года і першых санкцыяў Зайцаву стала не да футболу, і каманду пачаў фінансаваць берасцейскі гарвыканкам.

Больш за тое, Зайцаў пакінуў пазыку памерам 600 тысяч долараў. Гэтую суму «Дынама» было вінаватае былому абаронцу клубу Яўгену Хачэрыдзі. Ужо на пачатку 2021-га ён пакінуў берасцейскі клуб і падаў на «Дынама» у суд. Спачатку ён патрабаваў 1 мільён долараў, але ў выніку сума зменшылася. У траўні 2021 года Спартовы арбітражны суд (CAS) забавязаў «Дынама» (Берасце) выплаціць Яўгену Хачэрыдзі 600 тысяч долараў. Улады Берасцейскай вобласці забавязалі разлічыцца таго, хто запрасіў футбаліста і абяцаў яму такія грошы. У выніку Зайцаў закрыў пазыку.

Курыраваць «Дынама» пачаў намеснік старшыні аблвыканкаму Валянцін Зайчук, якога яшчэ «абралі» кіраўніком мясцовай федэрацыі футболу. Новым галоўным трэнерам берасцейскага «Дынама» стаў 58-гадовы Ігар Крыўшэнка, які з 2017-га да 2019-га трэнаваў нацыянальную зборную Беларусі і нават вывеў яе ў дывізіён «С» Лігі нацыяў. Пазней трэнер працаваў у Інданезіі, а апошні год не меў ніякай працы, таму пагадзіўся на сціплыя, але стабільныя ўмовы берасцейскага «Дынама». Так камандзе ўдалося пакінуць у сябе былых лідараў каманды Міхаіла Гардзейчука і Эльгарда Аляхновіча. З менскага «Дынама» у Берасце вярнуўся Сяргей Кісляк. Цікава гісторыя гэтага трансферу ў тым, што Кісляк і Зайчук з адной вёскі, гэта і стала асновай да вяртання. Таксама ў «Дынама» прыйшоў чэмпіён Беларусі Дзмітрый Бага, і яшчэ шэраг не апошніх у беларускім рэаліях гульцоў. У Крыўшэнкі было футбалістаў на два склады, але справа так і не пайшла. У выніку 17 красавіка Крыўшэнка быў звольнены. Галоўным трэнерам стаў Аляксандр Юрэвіч, які нават не мае ліцэнзіі PRO, які дазваляе трэнаваць клуб вышэйшай лігі, таму па дакументах галоўны Сяргей Нікіфарэнка.

Мы даведаліся, што ў «Дынама» сапраўды былі пазыкі перад гульцамі і нават гатэлямі, і калі жыць па футбольных законах, то клуб не мусіў быў дапушчаны да ўдзелу ў чэмпіянаце Беларусі, але футбольная федэрацыя атрымала ліст ад берасцейскага аблвыканкаму, што ўсе пазыкі будуць закрытыя.

Берасцейскае «Дынама» доўга займала апошняя месца ў чэмпіянаце, пакуль у футбольныя справы ўмяшаўся ГУБАЗіК, пасля яго расследавання чэмпіён Беларусі 2022 года – салігорскі «Шахцёр» і віцэ-чэмпіён – «Энергетык-БДУ» былі пазбаўлены тытулаў і пунктаў, а 23 траўня з гэтых каманд знялі яшчэ пункты: з «Шахцёра» 5, «Энергетыка» – 3, «Белшыны» – 1. Цяпер табліца чэмпіянату Беларусі па футболе выглядае проста трагікамічна.

Скрыншот: tribuna.com
Аналітыка
Вынікі чэмпіянату Беларусі па футболе перагледжаныя. «Шахцёр» пазбавілі чэмпіёнскага тытулу
2023.05.11 17:57

АС belsat.eu

Стужка навінаў