«Бамбіць Варонеж», ці Што адбываецца на Белгародчыне

Слова «КТО» ў расейскай – самастойная часціна мовы, займеннік, які ў залежнасці ад значэння і сінтаксічнай функцыі можа быць пытальным ці адносным. Менавіта гэтае слова сёння найлепш пасуе для вызначэння падзеяў у Белгародскай вобласці. «Хто гэта? Хто напаў на тэрыторыю Расеі? Гэта ўкраінскае войска? Не ЗСУ?! Расейцы?! Як гэта, партызаны?!» – пытаюцца мясцовыя жыхары і не могуць даць веры. Паніка, няздатнасць вайскоўцаў рэагаваць на тое, што адбываецца, паказалі, чаго насамрэч вартае «другое войска свету».

Наогул «КТО» прыдумалі расейскія ўлады. Гэта абрэвіятура таго, што яны назвалі контртэрарыстычнай аперацыяй. Здавалася б, такая выдатная нагода з’явілася для прапагандыстаў – можна абвінаваціць ва ўсім украінскае войска, сказаць, што яны вось да чаго дайшлі, і мы ж усё правільна рабілі. Яны і так на нас меліся напасці, і вось доказ. Але нешта пайшло не так, нешта не клеіцца рыторыка. Ды і ўвогуле, вельмі бедна асвятляюцца падзеі на Белгарадчыне – кароценькія фразы, і ўсё. Як тут не працытаваць жарты ва ўкраінскіх Telegram-каналах: «Ой, а што здарылася?»

Плакат, які падтрымлівае вайну, на вуліцах Белгараду.
Фота: Elena Chernyshova / Panos Pictures / Panos Pictures / Forum

Насамрэч, кажучы вайсковаю мовай, 22 траўня ў Белгародскую вобласць зайшлі добраахвотнікі легіёну «Свабода Расеі» і «Расейскага добраахвотніцкага корпусу». Яны заявілі, што хочуць вызвалення Расеі ад дыктатарскага рэжыму. Чаму зайшлі менавіта ў Белгародскую вобласць? Бо хочуць стварыць дэмілітарызаваную зону ўздоўж расейска-ўкраінскай мяжы. Мэтамі партызанаў сталі будынкі штабу Міністэрства абароны Расеі, ФСБ і Расгвардыі.

На кадрах з Telegram-каналаў мы можам бачыць паніку сярод мясцовага насельніцтва. Гараджане ў Белгарадзе штурмуюць замкнёныя бамбасховішчы і падвалы, у якіх можна схавацца ў выпадку абстрэлу тэрыторыі. Але гэта не так проста. Грамадзяне абураюцца, што ніхто пра іх не паклапаціўся, даводзіцца самім шукаць сховішча. А на іншых кадрах відаць чэргі аўтамабіляў з Грайварану, Новабудоўкі, Горкаўскага, Глотава, Гары Падол, Безымену, Мокрай Арлоўкі, Замосця і Спадарушына. Відавочна разгублены губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў кажа, што жыхары гэтых населеных пунктаў былі адселеныя ўладамі ў межах «КТО». Ці ведаюць пра гэта самі мясцовыя жыхары, якія, калі толькі пачулі выбухі, пабеглі са сваіх дамоў, хутка кідаючы ў машыны пажыткі? Не да відэа ім, трэба за дарогаю сачыць і шукаць, дзе прытуліцца на начлег. А тым часам так званая «бавоўна» гучыць ужо і ў Курскай вобласці, у сяле Гардзеева, што ў Карэнеўскім раёне.

Аналітыка
Навошта ладзіўся прарыў у Белгародскую вобласць і ці можа сітуацыя паўтарыцца ў Беларусі?
2023.05.23 19:13

А што ж вайскоўцы? Бо на іхную тэрыторыю, заўважым, менавіта ў ваенны час увайшлі, як іх назвалі, атрады дыверсантаў. Дзе камандаванне? Які план дзеянняў? Што яны збіраюцца зрабіць, каб перадухіліць паніку? Мабыць, лепш, чым журналіст Аляксандр Няўзораў, тут і не скажаш: «Аператыўная карціна» ну ніяк не складаецца, хоць над ёю думаюць «найлепшыя розумы раёну». Свой унёсак у блытаніну занесла і ракета «Storm Shadow», якая таксама вырашыла паўдзельнічаць у генеральнай нарадзе ўсіх «сілаў КТО» і наведалася ў будынак белгародскай ФСБ, ператварыўшы ў гуляш мноства задуменных палкоўнікаў».

Прапуцінскія Telegram-каналы супакойваюць людзей, кажучы, што нічога асабліва страшнага не адбываецца, маўляў, гэта проста мінамётны абстрэл прымежных збудаванняў. Не ведаю, наколькі можна супакоіцца і разняволіцца, ведаючы, што гэтыя гукі – «проста мінамётны абстрэл».

На сённяшні дзень можна канстатаваць, што расейскія ўлады зусім не былі гатовыя да ўварвання расейскіх добраахвотнікаў на сваю тэрыторыю. Выглядае, разведка паказала сваю поўную няздольнасць. З першай лініі абароны мяжы амаль адразу ж збеглі памежнікі і вайскоўцы. І гэта пры тым, што на так званыя «зубы дракона» белгародскія ўлады выдаткавалі амаль 10 мільярдаў рублёў. Гэтыя бетонныя слупкі ў выглядзе зубоў не зрабіліся сурʼёзнай перашкодай ні танкам, ні пяхоце. Прынамсі, мы цяпер сапраўды ведаем, што гэтыя «зубы дракона» нічога не даюць, колькі б яны ні каштавалі. (Тут я ў дужках нагадваю пра гэтыя зубы на мяжы з Украінай на беларускай тэрыторыі.) І самае галоўнае: урад развязаў вайну і нават не падумаў пра тое, каб перасяліць мірнае насельніцтва з прымежнай тэрыторыі. А там вёскі месцяцца літаральна за кіламетр ад мяжы з дзяржаваю, на якую напала іх войска. Чаго яны чакалі – былі ўпэўненыя ў перамозе? Нават пасля таго, як бліцкрыг не атрымаўся?

Hавiны
Расейскія тэлеграм-каналы: У Белгарадзе атакаваныя будынкі ФСБ і МУС
2023.05.23 02:17

Прадстаўнікі легіёну «Свабода Расеі» заявілі: «Рэзерваў у РФ для рэагавання на ваенныя крызісы няма – усе вайскоўцы мёртвыя, параненыя або ва Украіне. РФ абсалютна не абароненая». Гавораць, што камандаванню расейскай арміі давядзецца перакінуць частку вайскоўцаў дзеля абароны цяпер ужо сваёй тэрыторыі, а не нейкіх штучных ДНР і ЛНР. Дарэчы, ніякія баявыя дзеянні не забароненыя на тэрыторыі краіны-агрэсара падчас вайны. Гэта дазволена міжнароднымі нормамі права, у прыватнасці, Статутам ААН. Проста ўкраінскім вайскоўцам трэба спачатку адбіць ворага ў сябе дома.

Белгародчына – даволі спецыфічны рэгіён. Там усё пераплецена з Харкавам і Сумамі. Мясцовае насельніцтва перажыло акупацыю ў Другую сусветную і вызваленне пасля Курскай бітвы. Вельмі шмат народу загінула на снарадах пасля вайны, апрацоўваючы ўрадлівую зямлю. Магчыма, таму лозунг победобесия «Можам паўтарыць» і не знаходзіў тут такога падтрымання, як у рэгіёнах, якія бачылі вайну толькі ў кіно. Магчыма, таму ў першыя дні вайны на фронт адпраўлялі жаўнераў з Сібіры. У тым жа Грайваране, які цяпер абязлюднеў, вельмі шмат спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй вучылася ва ўкраінскіх ВНУ. А гісторыя? Пры літоўскім князю Альгерду Гедзімінавічу Белгародскі край увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. Князем Северскай зямлі быў Карыбут-Дзмітрый Альгердавіч. І на пачатку ХVI стагоддзя гэта былі землі ВКЛ. Ужо можна і не прыгадваць, што Белгародчына ўваходзіла пазней у склад Кіеўскай вобласці. А калі прайсціся па прымежных сёлах, то чыстай расейскай мовы там асабліва і не пачуеш. Гучаць украінская мова, украінскія песні.

Але часам узнікае пытанне: «Калі ваенізаваныя групы змаглі вось так спакойна ўвайсці ў прымежныя гарады і вёскі, то чаму б ім не зʼявіцца ў Маскве ці ўвогуле за Уралам?» Напэўна, пра гэта думаюць цяпер і тысячы расейцаў, бачачы нанесеныя трафарэты на знак падтрымання расейскіх добраахвотнікаў, нават на сценах вайсковых абʼектаў. Можна, вядома, памарыць: «Калі так і далей пойдзе, то ці не давядзецца Расеі ваяваць на два фронты?» Але гэта мары. А рэальнасць часам можа быць яшчэ больш яскравая.

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў