Заснавальнік Gulagu.net: Сілавы блок Расеі стаміўся ад вайны


Уладзімір Асечкін, праваабаронца і заснавальнік праекту Gulagu.net распавёў у эфіры «Белсату» пра сітуацыю ў Расеі з улікам таго, што хуткая пераможная вайна не ўдалася, але ваенныя дзеянні трываюць усё адно.

«Чым больш людзей будуць даведвацца пра гэтую вераломную вайну, чым больш будзе з Украіны вяртацца грузаў-200, тым больш людзей будуць упэўнівацца, што гэта тупіковы шлях. Агромністая колькасць людзей нават унутры самой сілавой сістэмы, паводле паведамленняў, што да нас даходзяць, выступаюць за хуткае сканчэнне вайны, бо гэта вельмі подлая вайна, у якой не можа быць ніякай перамогі», – падкрэсліў праваабаронца.

Уладзімір адзначыў, што цяпер у Расеі запушчаная рэпрэсіўная машына і прыняты цэлы шэраг рэпрэсіўных законаў, каб толькі не дазволіць расейцам выказвацца супраць вайны ва Украіне:

«Сістэму выбудоўвалі шмат гадоў. Але цяпер шмат следчых перакідваюць на тое, каб разбірацца з адміністратыўнымі справамі праціўнікаў вайны. А крыміналам займаецца ўсё менш спецыялістаў, і таму пагаршаецца сітуацыя з самім крыміналам ды з арганізаванаю злачыннасцю ў рэгіёне».

Асечкін мяркуе, што калі сітуацыя не зменіцца, то праз паўгода ў сістэме настане калапс. Ён таксама адзначыў, што ў сілавікоў, якія не падтрымліваюць дзеянняў расейскіх уладаў, няма магчымасці камунікаваць паміж сабою ці нават даведацца, што яны такія не адны. Бо ў Расеі знішчаныя ўсе незалежныя СМІ.

«Прапагандысты ў прайм-тайм не паставяць расповед былога вайскоўца, а на Захад яны баяцца бегчы, бо хвалююцца, што іх там не прымуць. Мы цяпер выбудоўваем дыялог з былымі ды існымі сілавікамі, каб яны пачалі размаўляць з грамадствам праз наш канал, каб вучыліся размаўляць з прэсаю, журналістамі, каб не баяліся, каб ведалі, што кожны з іх не белая варона і не адзін такі», – распавядае заснавальнік Gulagu.net.

Паводле звестак Асечкіна, цяпер па дапамогу ў праект звярнуліся каля 30 сілавікоў розных рангаў. На ягоную думку, гэта немалая колькасць.

Hавiны
Расея спыняе пастаўкі газу ў Фінляндыю з-за адмовы плаціць у рублях
2022.05.20 22:21

Марыя Муршка, belsat.eu

Стужка навінаў