«Гэта не можа застацца беспакараным». Еўрапейскія палітыкі абураныя інцыдэнтам з самалётам Ryanair у Беларусі


Інцыдэнт з вымушанай пасадкай самалёта Ryanair у Менску і затрыманнем блогера Рамана Пратасевіча выклікаў хвалю абурэння ў Еўропе.

Прэмʼер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі лічыць, што пытанне аб увядзенні санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі мусіць быць разгледжана ўжо заўтра.

«Я звярнуўся да старшыні Еўрапейскай рады з просьбай пашырыць парадак дня заўтрашняга саміту пунктам аб неадкладным увядзенні санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Захоп цывільнага самалёта – беспрэцэдэнтны акт дзяржаўнага тэрарызму, які не можа застацца беспакараным».

Кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйен назвала сітуацыю недапушчальнай.

«Любое парушэнне міжнародных правілаў, якія тычацца паветранага транспарту, павінна мець наступствы».

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўсёда заклікаў Еўразвяз і NATO адрэагаваць на аперацыю беларускіх спецслужбаў.

«Я заклікаю саюзнікаў у NATO і ЕЗ неадкладна адрэагаваць на пагрозу, якую беларускі рэжым стварае міжнароднай грамадзянскай авіяцыі. Міжнародная супольнасць павінна прыняць неадкладныя захады, каб перадухіліць паўтарэнне падобных інцыдэнтаў. Я буду гаварыць пра гэта на Еўрапейскай Радзе, якая пачнецца заўтра ў Бруселі», – напісаў ён у Facebook.

Кіраўнік МЗС Францыі Жан-Іў Ле Дрыян заклікаў еўрапейскія краіны даць рашучы адказ на дзеянні рэжыму Лукашэнкі.

Старшыня камітэта па міжнародных справах брытанскага парламента Том Тугэндхат напісаў у Twitter:

«Прымус самалёта да пасадкі для таго, каб прымусіць замаўчаць галасы апазіцыі – гэта напад на дэмакратыю і свабоду слова ва ўсім свеце. Беларускі тыран Лукашэнка пагражае нам усім. Вялікая Брытанія, ЕЗ і NATO павінны адказаць на гэта. Нам патрэбна неадкладная забарона на палёты ў Беларусь і забарона на паездкі асобаў, звязаных з рэжымам».

https://twitter.com/TomTugendhat/status/1396460520480419845

Міністарка замежных справаў Бельгіі Сафі Вільмэс таксама назвала сітуацыю недапушчальнай: «Мы сочым за гэтым вельмі ўважліва. Таксама мы занепакоены становішчам іншых пасажыраў».

Дзяржсакратар МЗС Нямеччыны Мігель Бергер заявіў, што Берліну патрэбныя неадкладныя тлумачэнні ўрада Беларусі наконт пасадкі рэйса Ryanair і затрымання Пратасевіча.

Hавiны
«Акт дзяржаўнага тэрарызму»: лідар Еўрапейскай народнай партыі Дональд Туск пра інцыдэнт з самалётам Ryanair
2021.05.23 19:07

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў