Абмежаванне на выезд беларусаў з Літвы: пытанне не закрытае?


Літоўскі Сейм адхіліў папраўку ў закон, згодна з якой беларусам, якія выязджаюць з Літвы часцей аднаго разу ў тры месяцы, будуць анулявацца віды на жыхарства. Ці значыць, што пытанне пра колькасць выездаў знятае з парадку дня, наколькі яго ўзняцце было звязана з чыннікам выбараў у Літве і чаго яшчэ чакаць ад літоўскіх уладаў беларусам, якія жывуць у Літве, аб гэтым «Белсат» паразмаўляў з прадстаўнікамі літоўскага Сейму і кіраўніком фонду «BYSOL» Андрэем Стрыжаком.

Абмеркаванне паправак аб абмежаваннях у дачыненні да беларусаў у літоўскім Сейме.
Фота: скрыншот з відэа / Белсат

«За» – меншасць, але…

Паводле праекту, прадстаўленага ў літоўскі Сейм, было прапанавана пазбаўляць грамадзянаў Расеі і Беларусі ВНЖ у тым выпадку, калі яны выязджалі ў Расею або Беларусь больш за адзін раз за апошнія тры каляндарныя месяцы (згодна з альтэрнатыўным варыянтам папраўкі – больш за адзін раз на год). У абгрунтаванні да закона гэта тлумачылася пагрозай дзяржаўнай бяспецы.

Выключэнне было зроблена для кіроўцаў міжнародных экіпажаў і экіпажаў-грузаперавозчыкаў, а таксама асоб, якія падарожнічаюць па аб’ектыўных прычынах, незалежных ад іх (сюды адносіліся, напрыклад, паездкі на пахаванне сваякоў, для замены дакументаў і падобныя, што б пацвярджалася адпаведнымі пасведчаннямі).

Адпаведная прапанова была ўхваленая 17 красавіка камітэтам Сейму Літвы ў сферы нацыянальнай бяспекі і абароны.

Як адзначыў адзін з аўтараў унесеных паправак Аўдронюс Ажубаліс, пры распрацоўцы закона ўлічваліся справаздачы літоўскіх спецслужбаў, Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі, якія адзначалі, што перасячэнне мяжы беларусамі і расейцамі «ў такой колькасці і з такіх нагодаў уяўляе рэальную пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы і ў той жа час патэнцыйна садзейнічае ўмацаванню сетак расейскіх і беларускіх спецслужбаў у Літве і за мяжой». Таму, на думку Ажубаліса, прыняцце абмежаванняў на колькасць выездаў расейцаў і беларусаў магло б зрабіць сітуацыю больш празрыстай і палегчыць літоўскім уладам кантроль над патокамі прыезджых.

Аднак вынікі галасавання паказалі, што далёка не ўсе дэпутаты Сейма падзяляюць пазіцыю аўтараў паправак.

Так, за прапанову аб пазбаўленні расейцаў і беларусаў, якія ездзяць на радзіму часцей за адзін раз на год, дазволаў на часовае пражыванне ў Літве прагаласавалі 20 дэпутатаў, супраць – 47, устрымаліся – 45.

За прапанову дазволіць адну паездку раз на тры месяцы прагаласаваў 41 дэпутат, супраць – 37, устрымаліся – 39.

Лідар Партыі працы Андрус Мазуроніс адзначыў, што ў прыняцці такіх паправак бачыць хутчэй піяр-ход, чым рашэнне, якое мае рэальныя наступствы. На ягоны погляд, няма розніцы паміж тым, выязджае чалавек адзін, два ці тры разы.

«Нашае меркаванне застаецца ранейшым: мы не падтрымліваем узмацненне жорсткасці правіл і бачым беларускае грамадства і яго людзей некалькі інакш, чым расейскае», – адзначыў у размове з журналістамі Мазуроніс, падкрэсліўшы, што прапанаваныя меры накіраваныя хутчэй на грамадства і не вырашаюць праблемаў бяспекі.

У сваю чаргу ў каментары для «Белсата» чалец камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны Сейма Літвы Валдас Ракуціс адзначыў, што камітэт будзе збірацца і думаць над пытаннем, як абмежаваць вялікі паток беларусаў, якія трапляюць у Літву, бо сітуацыя «ўсё яшчэ напружаная».

«Я не вялікі прыхільнік таго, каб абмежаваць людзям магчымасць паехаць дадому ці да сваякоў, але мы павінны нешта рабіць – вельмі вялікі паток. Мы разглядаем гэта як часовае мерапрыемства, а пасля павінны вярнуцца да такой сітуацыі, як у нас ёсць з Польшчай, калі наогул мяжы няма. Гэта мая мара», – адзначыў Валдас Ракуціс.

Пытанні бяспекі супраць эканамічнага чынніка

Каментуючы адмоўнае рашэнне літоўскага Сейму, што да паправак на абмежаванне выезду беларусаў, кіраўнік фоду «BYSOL» Андрэй Стрыжак адзначыў, што па гэтым пытанні адбываліся дастаткова моцныя дэбаты, і вынік атрымаўся даволі цікавы.

«З аднаго боку ні адна, ні другая папраўка не прайшлі, таму што не набралі больш за 50 % неабходных галасоў. Але мы бачым, што ў цэлым меркаванне падзялілася на тры асноўныя пазіцыі: за, супраць і ўстрымаліся. Прычым тых, хто ўстрымаўся, дастаткова шмат – гэта значыць, што дэпутаты не вызначыліся ў сваіх пазіцыях па гэтым пытанні», – гаворыць суразмоўца «Белсат».

Гэта, на думку Андрэя Стрыжака, сведчыць пра тое, што ўзнятае пытанне «даволі кантраверсійнае і складанае для літоўскай дзяржавы». Бо акрамя пытанняў бяспекі, якія зараз стаяць на першым месцы, трэба памятаць і пра эканоміку, якая моцна залежыць ад працоўных рук, «якія прыехалі ў тым ліку і з Беларусі». Большасць жа беларусаў, кажа Стрыжак, працуе не толькі ў IT-сектары краіны, як прынята меркаваць, але і ў якасці дальнабойнікаў, будаўнікоў, якія робяць даволі істотны ўнёсак у літоўскую эканоміку. У сувязі з гэтым эканамічны чыннік робіць моцны ўплыў на тое, чаму захады аб узмацненні кантролю ці ўзмацнення жорсткасці ў дачыненні да беларусаў паслядоўна не прымаюцца.

Чаму літоўцам можна ехаць у Беларусь, а беларусам – не?

Андрэй Стрыжак звярнуў увагу на пазіцыю літоўскага дэпутата Каспараса Адамайціса, якія з’яўляецца сябрам фракцыі «Свабода» ў Сейме. Ён, у прыватнасці, назваў прапанаванае рашэнне «неадэкватным» і задаўся пытаннем: чаму літоўцам можна ехаць у Беларусь і гэта нічым не абмежавана? На думку Адамайціса, іх жа таксама можна завербаваць, незалежна ад іх грамадзянства.

Андрэй Стрыжак лічыць гэта вельмі рацыянальнай пазіцыяй, бо рашэнні, якія проста тэхнічна абмяжоўваюць паездкі беларусаў у Беларусь, не вырашаюць галоўнай праблемы, якая стаіць перад Літоўскай рэспублікай: забеспячэння ўласнай бяспекі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: Delfi.lt

«Трэба думаць больш разгорнута пра гэтую праблему і разумець, што і беларускія, і расейскія спецслужбы працуюць пад поўным пратэктаратам Лукашэнкі, іх не абмяжоўваюць ніякія законы і прававыя прынцыпы, чаго нельга сказаць пра еўрапейскія спецслужбы, якія працуюць выключна ў межах закона. Таму тут ёсць супрацьстаянне дэмакратычнага і недэмакратычнага ладу: недэмакратычны лад заўсёды мае фору на кароткай дыстанцыі», – лічыць Андрэй Стрыжак.

Падобную пазіцыю выказаў таксама і дэпутат літоўскага Сейму Томас Тамілінас, які галасаваў супраць прыняцця гэтых паправак. Ён назваў гэтую прапанову «не вельмі адэкватнай». На ягоную думку, у ёй няма логікі, бо калі ёсць магчымасці патрапіць у Літву з візамі і ВНЖ іншых краінаў Еўразвязу, то як можна абмяжоўваць толькі тых людзей, якія жывуць у Літве.

«Калі ёсць праблемы з бяспекай, то трэба займацца бяспекай: трэба правяраць людзей, можна рабіць нейкія апытанні. Неяк інакш клапаціцца пра бяспеку», – кажа Томас Тамілінас.

Яшчэ адзін з аргументаў, які прывёў літоўскі дэпутат супраць гэтых паправак, заключаецца ў тым, што беларускі рэжым вельмі заклапаціўся пытаннем вяртання людзей, асабліва людзей з даходамі, інтэлектуальным патэнцыялам, то тады атрымліваецца, што прыняцце гэтых паправак будзе гуляць толькі на руку Лукашэнку.

Тэма не вычарпаная

Адным з сігналаў таго, што тэму абмежавання выезду беларусаў нельга яшчэ скідваць з рахункаў, служыць колькасць дэпутатаў, якія ўстрымаліся пры галасаванні, лічыць Андрэй Стрыжак. Другі сігнал – гэта тое, што службы бяспекі Літоўскай рэспублікі зацікаўленыя, каб сітуацыя была больш катраляванай імі. Адзін з падыходаў да таго, як гэта можна зрабіць – гэта змяншэнне колькасці пераходаў мяжы і змяншэнне колькасці беларускіх грамадзянаў, якія прыязджаюць у Літву па эканамічных прычынах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: logirus.ru

Андрэй Стрыжак падкрэслівае, што па людзях, якія ўцякалі ад рэжыму Лукашэнкі, пазіцыя ў літоўскіх уладаў застаецца нязменнай: яны збіраюцца і надалей аказваць дапамогу такім асобам. Што ж датычыцца тых, хто прыехаў па эканамічных прычынах, то тут сітуацыя больш складаная.

«Яшчэ больш складаная сітуацыя ў тым, што частка тых людзей, якія прыехалі [у Літву] па эканамічных прычынах, насамрэч з’язджалі праз пераслед. Проста ім было прасцей тут легалізавацца па эканамічным трэку альбо па розных прычынах людзі вырашалі не ісці на «гуманітарку». З гэтымі людзьмі зараз складаная сітуацыя, бо гэтыя трэкі [палітычны і эканамічны] вельмі моцна перамяшаныя. І гэта выклік, з якім сутыкаецца ў тым ліку і «BYSOL», – адзначыў Андрэй Стрыжак.

Прычым тут выбары

На думку Томаса Тамілінаса, пасля правядзення прэзідэнцкіх выбараў у Літве, якія маюць адбыцца 12 траўня, наўрад ці варта чакаць змяншэння цікавасці да тэмы бяспекі, звязанай з пытаннем знаходжання беларусаў на тэрыторыі краіны, бо ў лістападзе краіну чакаюць парламенцкія выбары, таму ўсё яшчэ наперадзе.

Андрэй Стрыжак выказаў меркаванне, што пасля правядзення прэзідэнцкіх выбараў у гэтым пытанні можа з’явіцца значна больш экспертнасці і прапрацаванасці, бо звычайна пад выбары палітыкі спрабуюць знайсці «простыя адказы на складаныя пытанні», дзеля таго каб зарабіць сабе выбарчых балаў. Але літоўская палітыка тым і адметная, што рашэнне хутчэй не будзе прынятае, чым будзе прынятае на папулісцкай хвалі.

«Бывае так, што нейкія важныя рашэнні могуць доўга не прымацца менавіта праз тое, што шукаецца нейкі кансэнсус, і гэта такая адметнасць унутранай палітыкі Літвы. Не заўсёды ён [кансенсус] бывае такі, што ўлічвае інтарэсы беларусаў. Зразумела, у літоўцаў свая дзяржава, і яны думаюць у першую чаргу ў сваіх інтарэсах.

Але трэба прызнаць, што беларусы ў Літве з’яўляюцца часткай нацыянальных інтарэсаў Літвы: у першую чаргу чаргу па эканамічным чынніку. Па-другое, гэта паслядоўная палітыка падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, таму што літоўцы зацікаўленыя ў тым, каб у іх быў прадказальны, дэмакратычны і празрысты сусед», – адзначыў Андрэй Стрыжак.

Калі б гэтыя папраўкі былі прынятыя, лічыць Андрэй Стрыжак, яны вельмі моцна паўплывалі б на працаўладкаванне шматлікіх катэгорый працаўнікоў, і гэта вялікі выклік, бо адразу за прыняццем паправак трэба было б уносіць нейкія выключэнні.

«Вельмі часта, калі прымаецца такое рашэнне для ўсіх, якое не надта зручнае, лагічнае і паслядоўнае, з’яўляецца пытанне, як тады быць з іншымі катэгорыямі, напрыклад, з тымі ж дальнабойшчыкамі, якія ездзяць праз мяжу. І тады выключэнні з агульнага рашэння саслабляюць само гэтае рашэнне», – адзначыў Андрэй Стрыжак.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў