За адзін дзень памерлі два дэпутаты «Единой России»


Днём 23 красавіка стала вядома пра смерць 77-гадовага дэпутата Мікалая Барцова, вечарам – пра смерць 56-гадовага Джашарбека Уздзенава.

Памерлыя дэпутаты Дзяржаўнай думы Расеі Мікалай Барцоў (злева) і Джашарбек Уздзенаў (справа).
Фота: er-gosduma.ru

Фракцыя расейскай Дзяржаўнай думы «Единая Россия» паведаміла 23 красавіка пра смерць двух дэпутатаў:

– 77-гадовы Мікалай Барцоў, як паведамляюць, памёр «раптоўна» – ліпецкае аддзяленне ЛДПР піша, што ён памёр у сваім доме. Ён прадстаўляў Ліпецкую вобласць, быў дэпутатам Дзяржаўнай думы з 2003 года. Быў у ліку найбагацейшых людзей Расеі – так, «Forbes» у 2021 годзе ацэньваў ягонае багацце ў 550 млн долараў (асноўны капітал – сродкі з продажу акцыяў камбінату сокаў кампаніі «PepsiCo»). Быў пад санкцыямі заходніх краінаў.

– 56-гадовы Джашарбек Уздзенаў памёр, як паведамляе «Единая Россия», «пасля цяжкай і працяглай хваробы». Ён з 2021 года прадстаўляў у Дзярждуме Карачаева-Чаркесію, да таго быў міністрам прыродных рэсурсаў рэспублікі і дэпутатам ейнага народнага сходу. Таксама быў пад заходнімі санкцыямі за вайну ва Украіне.

У Дзяржаўнай думе Расеі – 450 месцаў. У цяперашнім скліканні, якое пачало працу восенню 2021 года, раней памерлі яшчэ два дэпутаты: 12 кастрычніка 2022 года ад наступстваў каронавірусу памёр 46-гадовы Мікалай Пятруцін з «Единой России», 6 красавіка 2022 года таксама ад наступстваў каронавірусу памёр 75-гадовы лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Уладзімір Жырыноўскі.

Давыбары на месцы памерлых Барцова і Уздзенава анансавалі на верасень.

Hавiны
Блакаванні і фальсіфікацыі. Чым запомніліся выбары ў Расеі
2021.09.20 19:21

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў