Акадэмія навук Беларусі задумала стварыць галасавы памочнік, як «Siri». Прыдумалі імя: «Алеся»


На выставе «Tibo» дырэктар Інстытуту праблемаў інфарматыкі расказаў, што да канца года чакае стварэння тэставай версіі беларускага галасавога асістэнта, падобнага да «Алісы» расейскага «Яндэкса». Ягоныя словы перадае дзяржаўны тэлеканал «СТВ».

Робат у беларускім нацыянальным строі. Карціна створаная з выкарыстаннем нейрасеткі «Dall-E». Выява: Bing.com

Генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытуту праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Круглікаў расказаў, што ў Беларусі з’явіцца «аналаг Алісы» – тая ў сваю чаргу з’яўляецца расейскім аналагам амерыканскіх распрацовак: «Siri», якую інтэгравала ў сваю тэхніку «Apple», «Cortana» ад «Microsoft» і «Google Assistant».

Круглікаў расказаў няшмат падрабязнасцяў аб праекце: толькі тое, што праграме прыдумалі імя «Алеся» і што першую версію чакаюць да канца года.

«Мы цяпер фармуем свой кол-цэнтр, хочам, каб гэтая рэч была апрабаваная ў нашым кол-цэнтры па суправаджэнні пэўных праграмных прадуктаў», – таксама сказаў ён.

Ці збіраюцца інтэграваць «Алесю» ў нешта акрамя кол-цэнтру, як то ў «беларускі» ноўтбук ці аўтамабілі беларускай зборкі, невядома.

У тэлефоннай падтрымцы на самой справе выкарыстоўваюць больш простую тэхналогію: інтэрактыўнае галасавое меню або IVR. У гэтай сістэме аўтаадказнік зачытвае папярэдне запісаную інструкцыю і просіць выбраць наступны запіс у залежнасці ад сітуацыі або пераключыцца на размову з жывым чалавекам («Калі зламалася А, націсніце 1, калі не працуе Б, націсніце 2… Для сувязі з чалавекам націсніце 0»).

Расейская «Аліса», таксама як «Siri» і іншыя, насамрэч прызначаная не для кол-цэнтраў: яе выкарыстоўваюць у тэлефонах і персанальных камп’ютарах для кіравання тэхнікай голасам і для галасавых пошукавых запытаў. Асноўныя «фішкі» такіх памочнікаў – распазнаванне голасу і генерацыя галасавога адказу з улікам звестак аб карыстальніку, што праграма сабрала раней (напрыклад, на пытанне аб надвор’і праграма адкажа па змаўчанні аб надвор’і ў месцы, дзе знаходзіцца апарат, з якога паступіў запыт, а на просьбу патэлефанаваць «майму брату» набярэ нумар, які запісаны ў карыстальніка як «брат»).

Для кол-цэнтраў даўно спрабуюць стварыць нешта падобнае да галасавых асістэнтаў, але магчымасці інтэрактыўнага галасавога меню ўсё яшчэ абмежаваныя загадзя падрыхтаванымі сцэнарамі.

Імаверна, у бліжэйшы час у галасавыя памочнікі інтэгруюць моўныя мадэлі кшталту «ChatGPT», якія змогуць даваць яшчэ больш натуральныя адказы. Свае тэкставыя чат-боты з такім штучным інтэлектам ужо маюць «Microsoft» (бот якога валодае беларускай мовай) і «Google», над такой працуе «Яндэкс».

Hавiны
Ці размаўляюць нейрасеткі па-беларуску? Зладзілі спаборніцтва між «ChatGPT», «ChatSonic», «Bard» і «Bing»
2023.04.15 11:25

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў