Расея прапанавала беларускаму рэжыму адтэрмінаваць на год выплату больш за $ 1 млрд крэдыту. Пра гэта паведаміў 22 красавіка ў інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1» міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў.
«Гэта нестандартны ход. Стандартны – гэта рэфінансаванне. Цяпер стаўкі дастаткова высокія, таму мы дамовіліся пра вось такую схему», – сказаў Селіверстаў.
Паводле яго, Беларусь дамовілася разлічвацца з Расеяй паводле схемы, якая «не рэфінансаванне, але, па сутнасці, – рэфінансаванне».
«За гэты перыяд таксама налічваюцца адсоткі за карыстанне рэсурсамі. І, па сутнасці, гэта тое ж самае рэфінансаванне. Тамака добрыя стаўкі, добрыя тэрміны. Таму агулам камфортна. Рэфінансаваць на заходнім рынку заходнія грошы зараз не атрымаецца – гэта відавочна. Але тое, што мы не будзем ажыццяўляць гэтых плацяжоў… Не, мы спрабавалі іх праводзіць і гэтак далей, але ў тым традыцыйным фармаце – у замежнай валюце – нашы калегі іх не прымаюць. Значыць, будзем шукаць іншыя варыянты. Калі ім падасца неабходным зняць гэтыя свае абмежаванні, тады, мусіць, вернемся да ранейшага жыцця. Калі яны іх здымуць», – адзначыў міністр.
У канцы сакавіка Селіверстаў заявіў, што ў студзені – лютым бюджэт выконваўся дастаткова стабільна, але ў сакавіку сітуацыя пагоршылася.
«Цяпер плацяжы за сакавік паступаюць больш стрымана. Ёсць праблемы з абʼёмамі паступленняў ад тых сектараў, якія апынуліся пад санкцыямі і пакуль не перабудаваліся: гэта экспарт калійных угнаенняў, экспарт нафтапрадуктаў», – адзначыў ён.
Паводле міністра, у выніку «прасядання» плацяжоў «адсоткаў 10 мы не дабяром».
ПС belsat.eu