З Масквы працягваюць высылаць замежных дыпламатаў. Гэтым разам чарга дайшла да Польшчы.
23 красавіка ў МЗС Расеі выклікалі амбасадара Польшчы ў Маскве Кшыштафа Краеўскага, якому выказалі пратэст з нагоды абвяшчэння трох працаўнікоў амбасады РФ у Варшаве персонамі нон грата.
У адказ Расея абвясціла персонамі нон грата пяцярых работнікаў польскай амбасады ў РФ. Ім належыць пакінуць расейскую тэрыторыю да канца дня 15 траўня, паведамілі ў МЗС РФ.
15 красавіка Польшча абвясціла персонамі нон грата трох расейскіх дыпламатаў на фоне новых амерыканскіх санкцыяў супраць Расеі ды абвастрэння сітуацыі на ўсходняй мяжы Украіны.
18 красавіка ў Міністэрства замежных справаў Расеі быў выкліканы амбасадар Чэхіі ў РФ Віцеслаў Піванька. Дыпламату паведамілі, што 20 работнікаў амбасады Чэхіі ў Маскве абвяшчаюцца персонамі нон грата. Ім загадалі да канца дня 19 красавіка пакінуць тэрыторыю Расеі.
МГ belsat.eu