ЗША пачнуць усёабдымны стратэгічны дыялог з беларускім дэмакратычным рухам


Злучаныя Штаты Амерыкі пачнуць усёабдымны стратэгічны дыялог з беларускімі дэмакратычнымі сіламі з канца 2023 года. Пра гэта заявіла намесніца дзяржаўнага сакратара ЗША Ўэндзі Шэрмэн падчас сустрэчы з абранаю прэзідэнткаю Беларусі Святланаю Ціханоўскай у Вашынгтоне. Пра сустрэчу паведамляе Дзяржаўны дэпартамент. 

Будынак Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША ў Вашынгтоне.
Фота: Deutsche Welle

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская цяпер з візітам у ЗША, дзе 22 сакавіка сустрэлася з намесніцаю дзяржаўнага сакратара Ўэндзі Шэрмэн. Сустрэча адбылася напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка, у звязку з чым намесніца дзяржсакратара заявіла «пра нязменную прыхільнасць Злучаных Штатаў падтрыманню імкнення беларускага народу да дэмакратычнай, суверэннай і стабільнай будучыні для Беларусі».

«Намесніца дзяржсакратара Шэрмэн таксама падзялілася са спадарыняю Ціханоўскаю намерам Злучаных Штатаў пачаць усёабдымны стратэгічны дыялог з беларускім дэмакратычным рухам і грамадзянскаю супольнасцю, пачынаючы з канца 2023 года», – гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаюць таксама, што Ўэндзі Шэрмэн і Святлана Ціханоўская выказалі надзею на тое, што «стратэгічны дыялог абʼяднае адпаведныя агенцтвы ўраду ЗША, якія займаюцца пытаннямі Беларусі, а таксама шырокае кола беларускіх дэмакратычных дзеячаў, разам з палітычнымі лідарамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, незалежнымі журналістамі, праваабаронцамі, юрыстамі, прафсаюзнымі лідарамі, навукоўцамі і звычайнымі беларусамі».

Hавiны
Святлана Ціханоўская распачала чарговы візіт у ЗША
2023.03.22 22:49

Як паведамляў раней «Белсат», 22 сакавіка Святлана Ціханоўская распачала свой трэці візіт у ЗША, які адбываецца гэтым разам на запрашэнне Кангрэсу. Падчас візіту абраную прэзідэнтку суправаджаюць прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету Вольга Гарбунова, Аліна Коўшык і Валер Кавалеўскі. Запланаваныя сустрэчы ў Дзяржаўным дэпартаменце, Кангрэсе, з сенатарамі, амбасадарамі і дыпламатамі еўрапейскіх ды амерыканскіх краінаў, удзел у Канферэнцыі імя Каліноўскага ў Вашынгтоне, якая стане першай беларускай канферэнцыяй на такім узроўні ў ЗША. Падчас імпрэзы абмяркуюць палітыку замежных краінаў у дачыненні нашай краіны. Плануюцца і сустрэчы Ціханоўскай з прадстаўнікамі беларускай супольнасці ў ЗША.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў