Памерла вядомая блогерка і жонка экс-хакеіста зборнай Беларусі Дзмітрыя Мялешкі Надзея


Пасля цяжкай хваробы памерла Надзея Мялешка, жонка былога хакеіста зборнай Беларусі Дзмітрыя Мялешкі. Пра гэта паведамляе развітальная публікацыя на ейнай старонцы ў Instagram.

Надзея Мялешка.
Фота: nadyameleshko / Intagram

23 сакавіка Instagram Надзеі Мялешкі, жонкі былога гульца хакейнай зборнай Беларусі Дзмітрыя Мялешкі, паведаміў пра яе смерць. Тэкст развітальнага паслання жанчына напісала сама, папрасіўшы сваю каманду выкласці яго ў дзень сыходу: «Я дужалася гэтулькі, колькі магла. Да апошняга свайго ўздыху, але… Прыйшоў час развітвацца. Дзякуй, што былі са мною. Дзякуй за сотні тысяч добрых словаў, цёплых абдымкаў, веры ў мяне».

«Я пражыла такое слаўнае жыццё, у ім было столькі цудаў, выдатных людзей, у ім было сапраўднае каханне, шчаслівае мацярынства, творчасць, шчырае сяброўства. Сыходжу з велізарнай нудой, бо гэтага жыцця, выдатных дзён, радасці нам заўсёды будзе мала, заўсёды… Але найбольш месца ў маім сэрцы займае падзяка! За ўсё, што было, за ўсё, што змагла пакінуць пасля сябе», – гаворыцца ў развітальным пасланні Надзеі Мялешкі.

Паведамляецца, што ў сярэдзіне красавіка з выдавецтва выйдзе кніга Надзеі, у ягой выкладзеная «сумленная гісторыя барацьбы і шчасця насуперак страшнаму дыягназу».

«Белсат» паведамляў 27 лютага 2020 года, што ў жонкі вядомага хакеіста і трэнера, фатографкі і Instagram-блогеркі Надзеі Мялешкі знайшлі рак грудзей трэцяй стадыі. Пра захворванне Надзея паведамляла ў сваім Instagram, у якога больш за 78 тыс. падпісчыкаў. Блогерка адзначала ў інтэрвʼю «Белсату», што сутыкнулася з вельмі агрэсіўнай формай раку, які развіўся імкліва. Ультрагукавое даследаванне грудной залозы яшчэ за тры месяцы да выяўлення хваробы не паказвала ніякіх адхіленняў. Дыягназ ёй паставілі 8 студзеня 2020 года. У дзень інтэрвʼю Надзея праходзіла курс хіміятэрапіі, прызнаўшы, што пасля такога лячэння пачуваецца цяжка, – «гэта не вітамінчыкі калоць». Але аптымізму яна не губляла, хоць і разумела, што наперадзе чакала цяжкае змаганне.

Hавiны
Ультрагук не дапамог. У папулярнай беларускай блогеркі выявілі рак
2020.02.27 18:30

Пракаментаваў тады сітуацыю Надзеі Мялешкі і вядомы беларускі анколаг-мамолаг, назваўшы згаданы выпадак незвычайным. Пры гэтым ён даў шэраг рэкамендацыяў для прафілактыкі захворвання. Перадусім доктар параіў памятаць, што здароўе чалавека закладаецца з дзяцінства. Сярод таго, што можа паўплываць на малочную залозу: спадчыннасць, нервовы і гарманальны фактары, імунітэт, харчаванне і экалогія.

Дзеля меншай рызыкі развіцця раку малочнай залозы знакаміты мамолаг заклікаў нараджаць першае дзіця ў 20–25 гадоў, пры гэтым карміць дзіця грудзьмі варта не менш за год. Таксама, паводле яго, трэба, каб у жанчын не было мастытаў і абортаў. Паўплываць на малочную залозу можа таксама шчытападобная. Доктар раіць пазітыўна ставіцца да жыцця, каб зменшыць уплыў нерваў на здароўе. У выпадку цяжкіх сітуацыяў доктар рэкамендуе піць заспакаяльныя сродкі, пажадана натуральныя.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў