Эканаміст: Улады добра ведаюць настроі і страхі людзей і карыстаюцца гэтым, каб выцягнуць валютныя зберажэнні


На мінулым тыдні беларусы сутыкнуліся з тым, што ў некаторых абменніках немагчыма было памяняць валюту, з увагі на тое, што ў касах бракавала беларускіх рублёў. Рэч у тым, што ў банках раптоўна з’явіліся вялікія чэргі з ахвочых прадаць свае доларавыя зберажэнні. А прычынаю таму сталі словы Лукашэнкі на дзяржаўным тэлебачанні, што долар ЗША хутка будзе не патрэбны і ад яго будуць адмаўляцца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

15 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ажыятажны попыт насельніцтва на замежную валюту не мае сэнсу. Паводле яго, цяпер долар паціху пачаў асядаць, бо нікому не патрэбны, асабліва ў сувязі з санкцыямі. Ён звярнуў увагу на змяненне акцэнту ў замежным гандлі Беларусі на Расею і Кітай.

«Напэўна, будзем хутка змагацца, каб лішні расейскі рубель быў у кішэні, ці юань. Таму што з гэтымі краінамі мы ў асноўным будзем гандляваць», – сказаў Лукашэнка.

Ён заявіў, што на валютна-фондавай біржы пачаліся гандляванні кітайскім юанем. А курс долара на біржы, у адпаведнасці са словамі Лукашэнкі, як на загад, пачаў зніжацца. З моманту выступу Лукашэнкі курс амерыканскай валюты больш не перавышае 3,30 беларускіх рублёў. У выніку значная частка людзей паверыла гэтым пераконванням. У банках краіны пачаўся ажыятаж. Людзі, паводле назіранняў «Белсату», ва ўзросце 50–60 гадоў, масава панеслі мяняць свае доларавыя зберажэнні. У некаторых абменніках стала бракаваць беларускіх рублёў.

Чаму людзі вераць дзяржаўнаму тэлебачанню?

Па тэлевізары заяўляюць, што долар стане не патрэбны, галоўным зробіцца расейскі рубель або юань. Таму лепш як мага хутчэй пазбавіцца ад гэтай валюты, кажуць людзі ў чарзе ў абменніках. Заўвагам, што праз месяц долар можа каштаваць нават і 5 рублёў, грамадзяне не вераць і выказваюць меркаванне, што такое немагчыма.

«Сапраўды, людзям кажуць з тэлевізара, што долараў заўтра не будзе, таму яны нясуць свае валютныя зберажэнні ў абменнікі. Яны вераць прапагандзе. Але да гэтага таксама дадаюцца страхі, асабліва ў людзей, якія жылі і Савецкім Саюзе і памятаюць, як там было, што долар наагул быў забаронены, яго захоўванне ўвогуле было крымінальным злачынствам, а абмяняць валюту было немагчыма. Таму людзі бачаць, што адбываецца, і пачынаюць баяцца, што апусціцца жалезная заслона, баяцца рэальнай забароны долара ў краіне», – каментуе паводзіны людзей Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка «BEROC».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Паводле эканаміста, у існай сітуацыі складана даваць парады. Кацярына Барнукова мяркуе, што малаверагоднае сапраўднае ўвядзенне забароны на абарачэнне долараў і еўраў у Беларусі.

«Але апошнім часам адбылося столькі падзеяў, якія раней здаваліся зусім немагчымымі. Мы проста недаацанілі вар’яцтва нашых уладаў. Таму я б сказала так, што пакуль мы не падышлі да гэтага, але невялікая імавернасць гэтых страшных вынікаў існуе. Немагчыма, вядома, узяць і ўвесці такую забарону ў адзін момант. Я думаю, што будзе час і магчымасць нешта зрабіць, але цяпер не час, каб бегчы з абменнік і здаваць валюту. У любым выпадку, можна сказаць, што ў людзей ёсць некаторыя падставы, каб мяняць свае зберажэнні. Прынамсі, яны ацэньваюць верагоднасць забароны валюты вышэй, чым я», – кажа эксперт.

Ці можа быць юань – альтэрнатываю для захоўвання зберажэнняў?

Што да пачатку гандляванняў на Беларускай валютна-фондавай біржы кітайскім юанем, то асаблівага попыту на гэтую валюту не назіраецца. На працягу дня адбываецца ўсяго адна-дзве ўгоды, у той час як з доларам колькасць угодаў можа дасягаць дзвюх соцень і болей. Эканамісты лічаць, што насамрэч у юані няма нічога небяспечнага, і калі нехта пажадае, то можа трымаць свае зберажэнні і ў кітайскай валюце.

«Іншая рэч – ліквіднасць гэтай грашовай адзінкі. Калі няшмат людзей набываюць і прадаюць юань, то пытанне, наколькі лёгка можна будзе пры вострай неабходнасці абмяняць гэтыя грошы паводле рынкавага курсу? Таму з юанем ёсць нюансы. Попыту на гэтую валюту няма. Да таго ж, гандаль, які мы вядзем з Кітаем, вядзецца не ў юанях. У нас з Кітаем вялізны гандлёвы дэфіцыт. І калі мы прапаноўваем гандляваць юанем, як, напрыклад, было прапанавана Расеі разлічвацца ў расейскіх рублях, то гэта не азначае, што ў нас шмат валюты гэтых краінаў. Туды мы прадаем нашмат менш, чым набываем нешта адтуль. Нам трэба набываць рублі РФ і юані, прычым набываць за долары і еўры, а не беларускія рублі. Нічога кепскага ў юані няма, але як выхад з сітуацыі – я не бачу», – мяркуе Кацярына Барнукова.

Вынікі гандляванняў на БВФБ 22 сакавіка 2022 года. Скрыншот: myfin.by

Увогуле валютны рынак цяпер непрадказальны, кажуць эканамісты. Ва ўмовах, калі парушаная лагістыка, калі не вядома, якія санкцыі могуць агучыць на Захадзе, курсы могуць імкліва вагацца. З досведу ў нашай краіне, можна казаць і пра тое, што ўзнікне пытанне не пра курсы, а пра наяўнасць валюты ў абменніку і магчымасць набыць долары ці еўры. Вядома, што ў такіх умовах гандляры мусяць падчас фармавання коштаў на свае тавары закладаць гэтыя рызыкі. Вось толькі ўсе гэтыя рызыкі аплачваюць з сваёй кішэні менавіта пакупнікі, а гэта значыць, грамадзяне, якія плацяць за тавар часам нават у некалькі разоў больш.

Аналітыка
Дэфолт – не самае страшнае. Наколькі глыбока на дно расейская эканоміка пацягне за сабой беларускую
2022.03.10 09:00

НП belsat.eu

Стужка навінаў