Яшчэ два пратэставыя тэлеграм-каналы ўключылі ў спіс экстрэмісцкіх


На ініцыятыву ГУБАЗіК МУС суд Чыгуначнага раёну Гомля 22 сакавіка прызнаў два тэлеграм-каналы і два чаты экстрэмісцкімі. Пра гэта паведамляе прэс-служба МУС.

Цяпер у Беларусі забаронены тэлеграм-канал «Мая краіна Беларусь» (больш за 157 тысяч падпісчыкаў), «Карнікі Беларусі» (56 тысяч падпісчыкаў) а таксама суполкі «Чат групы Карнікі» (больш за 1,9 тысячы ўдзельнікаў) і «Я выходжу/МКБ» (больш за 7,5 тысячы ўдзельнікаў).

«Мая краіна Беларусь» – папулярны пратэставы тэлеграм-канал, які асвятляе палітычныя падзеі ў Беларусі. Адміністратар і стваральнік гэтага каналу Сяргей Бяспалаў яшчэ ў ліпені пакінуў Беларусь пад пагрозай пераследу. «Карнікі Беларусі» – гэта канал, дзе публікуюцца звесткі пра сілавікоў, суддзяў і дзяржслужбоўцаў, якія ўдзельнічаюць у палітычных рэпрэсіях.

МУС тлумачыць забарону гэтых каналаў тым, што ў іх нібыта публікаваліся заклікі замінаць «законнай дзейнасці дзяржорганаў», заклікі да «масавых закалотаў, блакавання руху транспарту», а таксама «абразлівыя каментары, якія распальваюць сацыяльную варожасць».

У сакавіку ў спіс экстрэмісцкай прадукцыі ўлады ўнеслі пратэставыя тэлеграм-каналы «Берасце: Чуткі і факты», «Берасце 97%», «Мазыр 97 %», «Гомель Савецкі 97», «Кіроўцы 97» і суполку «Рэчыца для Жыцця ЧАТ». Раней у 2020 годзе экстрэмісцкімі прызналі каналы «NEXTA», «NEXTA Live» і «LUXTA», а таксама лагатып «NEXTA».

Аб’ектыў
Дваровыя чаты прыраўняюць да экстрэмісцкіх фармаванняў?
2021.03.10 22:09

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў