Блогер Аляксандр Івулін выйшаў на волю і выехаў з Беларусі


Блогер Аляксандр Івулін у сваім Instagram паведаміў пра вызваленне з калоніі. «Нізкі паклон усім і кожнаму за салідарнасць і падтрыманне. Гэта вельмі каштоўна. Гэта не забываецца», – напісаў Івулін. Ён адбыў увесь тэрмін, прызначаны судом. Журналіст цяпер за мяжою.

Блогер Аляксандр Івулін на волі. 23 лютага 2023 года.
Фота: Аляксандр Івулін / Instagram

Журналіст, блогер і футбаліст Аляксандр Івулін адбыў увесь тэрмін, прызначаны суддзёю Сяргеем Шацілам: 2 гады калоніі агульнага рэжыму.

«Усе гэтыя 624 дні, пакуль мы не бачыліся, вам было нашмат складаней, чымся мне. Вас палохала невядомасць. Вы не ведалі, як я і што са мной. Не ведалі, як мне дапамагчы. Пры гэтым рабілі ўсё магчымае, каб па той бок плоту мне жылося крыху прасцей», – напісаў Івулін у сваім Instagram.

Ён падзякаваў беларусам за падтрыманне:

«Нізкі паклон усім і кожнаму за салідарнасць і падтрыманне. Гэта вельмі каштоўна. Гэта не забываецца».

Заснавальнік ініцыятывы «BYSOl» Андрэй Стрыжак у сваім Telegram-канале напісаў, што Івуліна пасля вызвалення эвакуявалі з Беларусі «дзякуючы працы многіх людзей, у тым ліку і службы эвакуацыі «BYSOl».

Аляксандр Івулін – футбаліст «Крумкачоў», журналіст Tribuna.com, аўтар Youtube-каналу «ЧестнОК». Яго затрымалі 3 ліпеня 2021 года і спачатку арыштавалі на 30 содняў. Потым яму выставілі абвінавачванне паводле «народнага» артыкулу аб групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Прыгавор – 2 гады калоніі – агучыў суддзя суда Савецкага раёну Менску Сяргей Шаціла. Пазней суддзя Менскага гарадскога суда Святлана Чарапанава пастанавіла пакінуць вырак без зменаў. Журналіста прызналі палітвязнем.

У лістападзе летась МУС залучыла Івуліна ў спіс «экстрэмістаў».

Артыкулы
«Ніхто не мае права ўмешвацца ў тое, як яму паказваць футбол». Гісторыя Аляксандра Івуліна
2022.02.08 10:38

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў