Офіс Святланы Ціханоўскай – гэта НДА? Павел Латушка – блогер?

Прыкладна такую думку выказаў палітычны аналітык Арцём Шрайбман у найноўшым выданні «Часики тикают». Ён жа прапанаваў паставіць 2020 год на паліцу, ставіцца да яго з пашанай, як да вытоку, пачатку ўсёй сённяшняй палітычнай канфігурацыі, але жыць рэальным жыццём.

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
Фота: Белсат

У гэтым рэальным жыцці, паводле Шрайбмана, ступень уплыву беларускіх палітыкаў на падзеі ўнутры краіны нулявая, і ўсё, што ў іх моцы, – прадстаўніцтва беларусаў на міжнароднай арэне, а таксама некаторая адвакацыя інтарэсаў шматлікай цяпер беларускай дыяспары. І, уласна, усё. Будучыня гэтага набору дэмакратычных актывістаў уяўляецца туманнай і любы сцэнар пераменаў у Беларусі павінен вывесці на сцэну новых герояў.

Прысутныя побач вядучая Жэня Сугак і даследчык (эксперт, аналітык) Рыгор Астапеня падтаквалі, ківаючы галовамі, і ў спрэчку з Арцёмам не ўступалі. Ну а з чым тут спрачацца?

Святлана Ціханоўская 3,5 гады таму перамагла на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі як пратэстны кандыдат, але да кіравання краінай дапушчана не была. Выявілася, адной падтрымкі насельніцтва для гэтага мала, трэба мець яшчэ і пэўную колькасць узброеных прыхільнікаў. Вось такія асаблівасці нашай айчыннай «суверэннай дэмакратыі». І далейшая яе палітычная траекторыя з’яўляецца ілюстрацыяй тэзісу Ўінстана Чэрчыла: «Поспех – гэта ўменне ісці ад няўдачы да няўдачы, не губляючы энтузіязму», што, безумоўна, не адмяняе павагі да яе асабістай мужнасці.

На даляглядзе ж у нас 2025 год, а ў ім, не пазней за травень (ужо праз 16 месяцаў), павінна адбыцца наступнае «перапрызначэнне» Лукашэнкі. Сцэнар можна намаляваць ужо сёння. Гэта будзе тытанічная бітва з супернікамі, загадзя згоднымі з уласнай паразай, менавіта ў ёй яны і бачаць перамогу. Выбары 2025 году не будуць прызнаныя ЕЗ, ЗША і іншымі прадстаўнікамі адносна адэкватнага свету, але сам статус Ціханоўскай яны зменяць.

Дык можа і трэба, як раіць Арцём Шрайбман, загадзя «знізіць градус» амбіцый? Прывесці, так бы мовіць, у адпаведнасць з рэальнасцю? Арцём мае рацыю, але я б не спяшаўся.

Не заўсёды інтэлектуальны досвед прафесіяналаў, экспертаў, у самым добрым сэнсе гэтых словаў, – дастатковая падстава для дзеянняў. Трэба прымаць у разлік яшчэ і светапогляд «супрацьлеглага боку». Што ж мы ўбачым, паглядзеўшы беларускую тэлевізію, пачытаўшы «патрыятычны» Telegram або паслухаўшы рыторыку сілавога блоку на нарадах у Лукашэнкі?

Там усё па-сур’ёзнаму: страшны Захад клацае ікламі ля брамаў Берасця і Горадні, беларускія добраахвотнікі, што ваююць у складзе ЗСУ, не сёння, дык заўтра прарвуць паўднёвую мяжу, захопяць Маларыту і Мазыр, і, вядома, унутраны вораг, які паказаў свой твар у 2020-м, таксама ж не ў дрымоце, толькі і чакае, як бы ўзяць рэванш.

Такая публічная рыторыка мае двух адрасатаў: нявызначаную ў памеры сутнасць – «беларускі народ», які трэба пераканаць у рэальнасці пагрозы, і самога Лукашэнку, які таксама павінен паважна ўспрымаць небяспеку і кідаць у бок сілавых (і вайсковых) структур усе вялікія порцыі грошай. І, праз вось гэтую выгнутую прызму, якія там бяззубыя НДА імя Ціханоўскай, якія блогеры Латушка з Цапкалам? І пакуль з таго боку Бугу працягваюць псіхалагічнае самаразбурэнне, з гэтага боку трэба ім дапамагаць. А ў гэтай няпростай справе адэкватнае ўспрыманне сябе ў рэальнасці толькі шкодзіць.

Святлана Ціханоўская,
Святлана Ціханоўская ў час наведвання Сейма і Сената Польшчы. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 г.
Фота: Таццяна Верамеева/Белсат

І яшчэ адна, ужо гістарычная паралель. Так, глыбокае вывучэнне гісторыі палітычных працэсаў павінна прывесці да думкі: тыя, што ад’ехалі ў палітычную эміграцыю хутка губляюць сувязь з Радзімай і ператвараюцца ў «прыемнае таварыства», да рэальнай справы не здольнае. Вось толькі куды ж падзець Уладзіміра Ільіча Леніна? Той назбіраў за жыццё добрых 15 гадоў палітычнай эміграцыі і, калі б хтосьці мог прадказаць нават у лютым 1917-га ягонае вяртанне са Швейцарыі і прыход да ўлады, дык такі Настрадамус відавочна не змог бы прад’явіць дыплому аб наяўнасці ў яго паліталагічнай адукацыі.

У снежні 2021 году я быў перакананы, што непахіснасці Пуціна ў Крамлі не пагражае нічога, і, хутчэй за ўсё, мы ўбачым працяглую і паступовую эвалюцыю палітычнай сістэмы без узрушэнняў. Працэс на дзесяцігоддзі. А пасля гэтага здарылася вайна. І не проста вайна. Хто б мог прадказаць паход Прыгожына на Крэмль (з разваротам на Менск)?

У такім турбулентным знешнім асяроддзі, калі ў самой Расеі, якая ператварылася ў «наша ўсё» для беларускага рэжыму, дэградаваў сам спосаб кіравання велізарнай краінай, і яе аніяк не бясконцыя рэсурсы з зусім савецкай хуткасцю ляцяць у бок ваенпраму і франтоў, я не бачу плюсаў у зніжэнні амбіцый і офіса Ціханоўскай, і Аб’яднанага пераходнага кабінета, і палка Каліноўскага, і многіх, многіх іншых. Ранавата яшчэ. Мандат быў на пяць гадоў, дык, можа, не будзем спяшацца?

Стужка навінаў