Мінфін Беларусі паабяцаў падумаць над тым, як выплаціць даўгі па еўрааблігацыях


Міністэрства фінансаў Беларусі 23 студзеня паведаміла, што разбіраецца з выплатамі па еўрааблігацыях для расейцаў. А адносна прадстаўнікоў іншых краінаў яшчэ абяцае падумаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У Мінфіне адзначылі, што працягваюць працу «па давядзенні выплат трымальнікам еўрааблігацыяў, якія ўлічваюцца ў расейскай дэпазітарнай сістэме». Выплаты праводзяцца згодна з пастановай Савету Міністраў і Нацыянальнага банку ў адпаведнасці з выпрацаванымі з расейскім бокам падыходамі па задзейнічанні лакальнай дэпазітарнай інфраструктуры.

«Падыход да выканання абавязкаў перад іншымі катэгорыямі трымальнікаў еўрааблігацыяў будзе выпрацаваны комплексна з улікам абагульнення практыкі збору дакументаў і пералічэння грашовых сродкаў праз НКА АТ НРД [Нацыянальны разліковы дэпазітарый. – рэд. belsat.eu], аналізу ўзнікаючых пытанняў, у т.л. тэхнічнага характару», – заявілі ў ведамстве.

Такі падыход там патлумачылі «аднабаковай адмовай заходніх інфраструктурных арганізацый ад выканання сваіх функцый».

«Санкцыйны ціск, пад уплывам якога аказаліся расейская і беларуская інфраструктура, пагаршаецца тым, што захоўванне еўрааблігацыяў Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца за межамі беларускай дэпазітарнай сістэмы», – адзначылі ў Мінфіне.

Hавiны
Беларусь зноў пагасіла абавязацельствы па еўрааблігацыях рублямі замест долараў
2024.01.03 16:53

28 чэрвеня 2022 года Савет міністраў і Нацбанк пастанавілі выплачваць даўгі Беларусі па еўрааблігацыях у рублях. За што міжнароднае рэйтынгавае агенцтвы «Fitch Ratings» заявіла, што дэфолт у краіне непазбежны, а «Moody’s» назвала сітуацыю дэфолтам.

Тым не менш, Беларусь працягвае выплочваць даўгі ў рублях.

23 студзеня 2024 года стала вядома, што восем фізічных асоб і пяць кампаніяў з Расеі паведамілі ў лісце міністру фінансаў Беларусі Юрыю Селіверставу пра дэфолт па пяці выпусках беларускіх аблігацыяў. Ім разам належаць беларускія еўрабонды на агульную суму 178 млн долараў. Калі Беларусь не пагасіць абавязкі, яны паабяцалі пачаць разбіральніцтва ў трацейскім судзе Лондану.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў