Рэйтынгавае агенцтва «Moody's» абвясціла пра дэфолт Беларусі па еўрааблігацыях


Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва «Moody’s» разглядае выплаты вонкавага доўгу Беларусі ў рублях як дэфолт. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні агенцтва.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Таксама 15 ліпеня стала вядома, што агенцтва «Fitch» адклікала рэйтынгі трох беларускіх страхавых арганізацыяў. Рэйтынгі адклікалі, бо «ў агенцтва больш няма доступу да інфармацыі, дастатковай для падтрымання рэйтынгаў». Гаворка пра «Беларускую нацыянальную перастраховачную арганізацыю», «Белдзяржстрах» і «Экспартна-імпартную страхавую кампанію». Апошні іх рэйтынг быў «блізкім да дэфолту».

28 чэрвеня Савет Міністраў і Нацыянальны банк Беларусі прынялі пастанову пра пералічэнне Міністэрствам фінансаў у межах выплатаў па еўрааблігацыях за кошт сродкаў у замежнай валюце сумаў у беларускіх рублях на адмысловыя рахункі «Беларусбанку».

29 чэрвеня Міністэрства фінансаў Беларусі паведаміла, што выплаты па аблігацыях «Belarus-2027» агульнаю сумаю $ 22,9 млн ужо праведзеныя менавіта ў такім парадку.

У той жа дзень рэйтынгавае агенцтва «Fitch» папярэдзіла, што калі плацяжы па еўрааблігацыях «Belarus-27» не будуць выкананыя згодна з першапачатковымі ўмовамі да 13 ліпеня, гэта будзе лічыцца дэфолтам, і агенцтва панізіць доўгатэрміновы рэйтынг Беларусі да «RD» (абмежаваны дэфолт), а рэйтынг гэтага выпуску еўрааблігацыяў – да «D».

12 ліпеня Мінфін Беларусі заявіў, што лічыць сітуацыю форс-мажорнай і вымушаны выбіраць альтэрнатыўныя варыянты выканання абавязкаў па еўрааблігацыях, а дзеянні «Fitch» дэманструюць «субʼектыўны падыход у ацэнцы крэдытаздольнасці Беларусі».

Цяпер у абарачэнні застаюцца пяць выпускаў беларускіх еўрабондаў на агульную суму $ 3,25 млрд. Апошнія аблігацыі былі выпушчаныя ў чэрвені 2020-га на 5 гадоў на $ 500 млн пад 6,125 % і на 10 гадоў – на $ 750 млн пад 6,375 %.

Аб’ектыў
«Дэфолту быць адназначна». Якія наступствы чакаюць Беларусь
2022.07.12 23:15

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў