Кіраўнік МЗС Літвы выступае за ўніфікацыю санкцыяў супраць Беларусі і Расеі


Брусель выяўляе намер зраўнаваць санкцыі ў дачыненні Расеі і Беларусі, заявіў кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс, паведамляе «Delfi». Паводле Ландсбергіса, Літва падтрымлівае гэты працэс, бо гэта дапаможа закрыць транзіт тавараў праз Беларусь у Расею.

Габрыелюс Ландсбергіс. 
Фота: lrt.lt

«Ёсць імкненне зраўнаваць санкцыі (у дачыненні Расеі і Беларусі). Літва гэты працэс падтрымлівае, мяркую, гэта справядліва. Мы можам убачыць тут пэўныя тэндэнцыі, магчымыя спробы абысці санкцыі з дапамогай пэўных выключэнняў, датычных Беларусі. Калі санкцыі зраўнаваць, то закрыецца шлях тавараў праз Беларусь у Расею», – сказаў Габрыелюс Ландсбергіс.

Таксама літоўскі міністр дадаў, што наконт 10-га пакета санкцыяў супраць Расеі сур’ёзных крокаў чакаць не варта, пакуль можна гаварыць толькі пра абмежаванні, датычныя асобных асобаў, або пра сектарныя санкцыі. Але, кажа ён, перамовы толькі пачаліся.

«Звычайна мы не выдаём [звестак], пакуль перамовы не завяршыліся. Цяпер, шчыра кажучы, яны толькі пачаліся, учора ноччу абмяркоўвалі рэпрэзентаваныя санкцыі. Магу толькі сказаць, што там ёсць прозвішчы канкрэтных асобаў, ёсць пэўныя сектарныя санкцыі, але не трэба спадзявацца на сурʼёзныя крокі, бо, як мы бачым, працэс робіцца ўсё складанейшым», – сказаў Ландсбергіс.

Аднак ён заявіў, што нягледзячы на гэта, пытанне санкцыяў прасоўваецца ўвесь час.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў