Экспарт беларускай прадукцыі ў Расею вырас у 1,4 разу, у Кітай – амаль у 2 разы


Беларускі экспарт у Расею вырас у 1,4 разу, паведаміў у праграме «Контуры» намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык, і заявіў, што «рынак Расейскай Федэрацыі гатовы спажыць усё, што мы зрабілі». Экспарт у Кітай, паводле яго, за 11 месяцаў вырас на 86 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Экспарт у Расейскую Федэрацыю вырас у 1,4 разу, гэта вельмі добры вынік у цэлым для прамысловасці Беларусі. Упершыню ў гісторыі мы атрымалі станоўчае эканамічнае сальда ў стасунках з Расеяй. Пры сыходзе з гэтага рынку шэрагу замежных кампаніяў для прамысловых прадпрыемстваў Беларусі адкрыліся магчымасці. Мы здолелі вельмі хутка пераарыентаваць экспарт з украінскага рынку на рынак Расейскай Федэрацыі, які гатовы спажыць усё тое, што мы зрабілі», – сказаў намеснік прэм’ера.

Пархомчык запэўніў, што ў найбліжэйшыя 3 гады будуць «камфортныя ўмовы» для цэнаў на нафту і газ: «З улікам тых умоваў, якія сёння прапануюцца для бізнесу ў Еўропе ці бліжэйшых краінах, вядома ж, мы маем вельмі вялікую канкурэнтную перавагу».

Паводле намесніка прэм’ера, у Беларусі ёсць некалькі напрамкаў для перамяшчэння беларускай прадукцыі ў Расею, якая «прапанавала прыемныя эксклюзіўныя цэны на перамяшчэнне нашых грузаў. За кошт гэтай розніцы наш прадукт не страціў сваёй канкурэнтаздольнасці».

Таксама Пархомчык заявіў, што яны не адмаўляюцца ад еўрапейскага рынку і стараюцца прадаваць там прадукцыю.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў