Беларусь і Расея афіцыйна створаць цэнтры сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў


Расейскі ўрад ухваліў пагадненне з Беларуссю аб стварэнні цэнтраў сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў. Дакумент накіравалі на подпіс Уладзіміру Пуціну. Аб гэтым паведамляе БелТА.

Расейская вайсковая тэхніка прыбывае ў Беларусь. Выява мае ілюстрацыйны характар.
Фота: міністэрства абароны Беларусі / Telegram / modmilby

23 студзеня стала вядома, што стварэнне і функцыянаванне навучальна-баявых цэнтраў сумеснай падрыхтоўкі ваеннаслужачых узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь будзе рэгулявацца сумеснай міжурадавай дамовай. Расейскі ўрад ўзгадніў пагадненне адпаведнай пастановай, апублікаванай на расейскім афіцыйным інтэрнет-партале прававой інфармацыі. Цяпер дакумент накіруюць на подпіс Уладзіміру Пуціну. Паведамляецца, што пагадненне папярэдне прапрацавана з беларускім бокам.

Паводле пагаднення, у цэнтрах вайскоўцы Беларусі і Расеі будуць займацца сумеснай баявой падрыхтоўкай, заступаць на баявое і доследна-баявое дзяжурствы, выконваць «іншыя вучэбна-баявыя задачы». Дакумент таксама прадугледжвае абмен вопытам прымянення ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Адна з задачаў навучальна-баявых цэнтраў – уніфікацыя баявой падрыхтоўкі ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі.

Нагадаем, што пачынаючы з красавіка 2022 года на беларускіх палігонах праходзяць сумесныя вучэнні вайсковых падраздзяленняў РБ і РФ, якія доўжацца ўжо каля 40 тыдняў. Дзеля знаходжання на вучэннях у Беларусь на часовай падставе прыбылі вайскоўцы, зброя і баявая тэхніка з Расеі. З апісанння задачаў цэнтраў сумеснай падрыхтоўкі можна зрабіць выснову, што стварэнне гэтых цэнтраў дазволіць пэўнай чысты расейскіх вайскоўцаў знаходзіцца ў Беларусі на сталай аснове.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў