«Хачу, каб вінаватых пакаралі». Беларуска – пра тое, як страціла ў СІЗА дзіця

Кіра Баярэнка – адна з сотняў беларусаў, якія прайшлі катаванні ў беларускіх турмаў. Але гэтая гісторыя вылучаецца з шэрагу іншых. Кіра незаконна прасядзела ў СІЗА паўгода. За гэты час здароўе жанчыны моцна пацярпела, Кіра нават страціла дзіця. Яна пагадзілася распавесці пра перажытае «Белсату». Увага: не рэкамендуем чытаць гэтай гісторыі ўразлівым асобам.

Кіра Баярэнка. Фота: Белсат

«Думкамі я ўсё яшчэ ў турме»

«Я думкамі ўсё яшчэ ў турме, мне вельмі цяжка псіхалагічна, – так нярадасна пачынае нашую размову Кіра Баярэнка з Менску, якая, як і тысячы іншых беларусаў, перажыла жах рэпрэсіяў. – Я ўвесь час думаю пра тых, хто там застаўся, хто разам са мною праходзіў праз гэтыя катаванні».

Затрымалі Кіру 5 лютага: супрацоўнікі КДБ прыйшлі пад выглядам наладчыкаў «Белтэлекаму». Як потым даведалася жанчына, яе распрацоўвалі два месяцы, і акурат увесь гэты тэрмін кепска працаваў інтэрнэт. Магчыма, супадзенне, але…

«Я была валанцёркаю, дапамагала ў Сляпянцы шукаць людзей у РАУСах і на Акрэсціна. Сама сядзела содні. Аднойчы падчас пошукаў хтосьці з работнікаў на Акрэсціна пазнаў мой голас і пачаў «зліваць» мне спісы. Не ўпэўненая, але, магчыма, таму па мяне і прыйшлі», – тлумачыць мянчанка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Родныя і блізкія затрыманых падчас пратэстаў разам з валанцёрамі чакаюць для ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна тых, каго выпускаюць і раздаюць былым затрыманым рэчы. 15 жніўня 2020 года. Фота: ІА / Белсат

Падчас ператрусу Кіра была ў ваннай, свой «Тэлеграм» зусім не паспела пачысціць: «Разграмілі нам усю кватэру, усе рэчы, усе кнігі проста ляцелі на падлогу. У нас быў зусім новы, класны тэлевізар. Разумею, што гэта глупства, але мне стала яго вельмі шкада, таму сказала сілавікам пароль ад таблета. Яны мне нават не дазволілі ўзяць з сабою лекаў!»

«Пішы яўку з пакаяннем»

На допыце ў КДБ Кіру вельмі доўга змушалі пісаць яўку з пакаяннем. У выніку жанчына пастанавіла ўзяць на сябе ўсю віну: прызналася, што адміністравала ледзь не ўсе чаты, што знайшлі ў ейным «Тэлеграме».

«Я ўжо зразумела, што мяне пасадзяць, таму магла ратаваць іншых. Пісала ве-э-эльмі доўгую яўку, а ў канцы дадала: «Кенэдзі таксама я забіла». Кадэбісты раззлаваліся. Пачалі мне пагражаць», – распавядае жанчына пра першы допыт.

У Кіры праблемы са здароўем, яна мусіць прымаць лекі. Падчас допыту жанчыне стала вельмі блага. Хуткую, натуральна, ніхто не выклікаў, а змусілі пісаць яшчэ адну яўку з пакаяннем. Гэтая ўжо іх задаволіла.

Фота: Белсат

Далей Кіру запрасілі ў Следчы камітэт: маўляў, потым адпусцяць. Але ў выніку жанчына апынулася ў шпіталі. Праўда, з канваірамі. Там яна прабыла некалькі дзён, потым пагадзілася паехаць у Следчы камітэт: канваіры запэўнівалі, што там Кіра проста пацвердзіць свае словы і яе адпусцяць.

«Па мяне прыехаў аўтазак, які завёз на Валадарку. Ужо потым, атрымаўшы выпіску на рукі, я зразумела, што мяне падманулі: мяне ўжо выпісвалі «пад нагляд СІЗА № 1».

Валадарка

Першы месяц у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску нічога не адбывалася. Кіры не выстаўлялі абвінавачанняў, не перадавалі лістоў, не было перадачаў. Што з мужам, мянчанка не ведала. Гэта было вельмі цяжка псіхалагічна.

Кіра трапіла ў шпіталь з гіпертанічным крызам, гэтым разам у турэмны. Прыгадвае, што там было вельмі холадна, вокны замярзалі нават ссярэдзіны:

«Мы хадзілі ў куртках, каб не змерзнуць. Уначы ты накрываешся коўдраю, прасціною, курткаю, каб быць у цеплыні. Уявіце сабе, што гэта шпіталь, дзе ляжаць хворыя людзі! І шмат людзей хварэюць на COVID-19. Але не толькі: у суседняй палаце ляжалі хворыя на сухоты. У турме можна заразіцца чым заўгодна. Трэба рабіць прафілактычныя захады ўвесь час, думаць, як і што правільна рабіць, каб захаваць здароўе хоць на такім узроўні, як было».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Калідоры ў СІЗА на вул. Валадарскага ў Менску. Фота: Белсат

Сустрэчы з супрацоўнікам КДБ

З сакавіка прыблізна раз на месяц да Кіры наведваўся кадэбіст: вёў доўгія допыты, спрабаваў даведацца паболей наконт яўкі з пакаяннем.

«Я працягвала ранейшую тактыку: бяры на сябе як мага болей. Усведамляла, што за маю дзейнасць, на жаль, у нашай краіне можна быць пакаранай. То бок ведала, на што ішла», – адзначае нашая суразмоўца.

Падчас першай сустрэчы Кіра адмаўлялася назваць імёны «суўдзельнікаў». Таму супрацоўнік пастанавіў ужыць іншыя метады. Жанчыну без курткі завялі ў маленькае памяшканне без вокнаў, з голымі шконамі: «Мне было вельмі крыўдна, я плакала, а потым стала замярзаць. Не было гадзінніка, я думала, што ўсё, вось мая канчатковая камера. Я пачала грукацца, у выніку мне адчынілі дзверы, адпусцілі ў сваю камеру. Пачаўся бранхіт вельмі моцны. Было пераахалоджванне. Балела спіна цалкам, адбілася на нырках…»

Фота: Белсат

Недзе праз тыдзень пасля першай сустрэчы з кадэбістам Кіры выставілі абвінавачанне – прамінулым днём.

Наступная сустрэча з супрацоўнікам КДБ адбылася праз месяц. На той момант жанчына зразумела, што цяжарная: прапалі месячныя, пачало вылучацца малако. У неаднаразовых просьбах даць ёй тэст і магчымасць сустрэцца з гінеколагам адмовілі.

Кадэбіст жа ведаў пра цяжарнасць і з задавальненнем выкарыстоўваў гэта супраць Кіры: прасіў распавесці болей пра іншых раённых актывістаў, а калі жанчына адмовілася, то сказаў, што яна народзіць у турме, і дзіцё гэтае будзе мёртвым. А нават калі і народзіць, то дзіцё забяруць адразу ў дзіцячы дом, а там зробяць яму вельмі кепска.

Сукамерніцы ўжо спалі, нікога з персаналу Валадаркі ў калідоры не было. Кіра спрабавала інтуітыўна тужыцца. Ейная сукамерніца абудзілася, калі зразумела, што адбываецца. Яна пачала грукаць у дзверы, звярнулі ўвагу персаналу, і тыя выклікалі дактароў.

«Было вельмі шмат крыві, пачаліся датэрміновыя роды. Мяне павялі ў медпункт, там укалолі нешта, каб нібыта спыніць кроў. У выніку я вырубілася на два дні», – прыгадвае падзеі страшнай ночы Кіра.

Пасля перажытага жанчына не магла хадзіць у прыбіральню: тая прыгадвала роды. Работнікі СІЗА адкрыта казалі, што Кіра мусіць забыць пра ўсё.

Фота: Белсат

Тым часам у жанчыны адбыўся нэрвовы зрыў. Яна крычала і плакала, што хоча да дзіцяці. А ўначы паспрабавала перацяць сабе жылы. Але ёй прысніўся тата, які казаў, што ўсё будзе добра.Прыкладна праз тыдзень пасля родаў да Кіры зноў завітаў кадэбіст:

«Як толькі я зайшла ў кабінет, то ў мяне адбылася істэрыка. Пачала крычаць, што не хачу, не буду заходзіць, што гэта праз вас я страціла дзіця. А ён спыніў мяне, кажа: «Мне вельмі шкада, я спачуваю. Ты падумай, я раблю ўсё магчымае, і калі хочаш са мною пагаварыць, то паведамі». Я яму сказала, што не хачу больш яго бачыць».

Вызваленне

У жніўні было 6 месяцаў, як Кіра сядзела ў СІЗА. Гэта максімальны тэрмін, паводле якога людзей могуць утрымліваць там. Прыблізна а 20:00 5 жніўня ёй сказалі: «З рэчамі на выхад».

«Я не верыла, што мяне вызваляюць, думала, перавод. Перажывала, што з Валадаркі ў Жодзіна, і ў мяне адбыўся моцны нервовы зрыў. Канвой даў мне фэнібут. Мы паехалі ў Следчы камітэт. Там у мяне адбыўся чарговы зрыў. Было вельмі блага, у вачах усё плыло. Падсоўвалі нейкія паперы, адвакат казаў, каб я іх падпісала. Потым ізноў паехалі ў СІЗА, я была такая змучаная, што адразу ўпала на шконку. І было ўсё роўна, што нельга спаць. Але мяне зноў выклікалі на выхад. І так я зразумела, што гэта канец, мяне вызваляюць!» – згадвае жанчына.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ТК / Белсат

Калі Кіра выйшла з СІЗА, то вакол нікога не было. Прызнаецца, што баялася нават падысці да людзей і папрасіць дапамогі. Але хутка па яе прыехала сястра, Кіра вярнулася да бацькоў. На наступны дзень прыехала да мужа:

«Хоць мяне і выпусцілі, але галавою я была па-ранейшаму ў СІЗА. Было вельмі цяжка. Я не магла нармальна хадзіць па вуліцах, з’явілася клаўстрафобія».

«Сэрца выскоквала ад страху, але я не магла не выходзіць на мітынгі». Гісторыя Лізы Гвардзеенкі

25 жніўня Кіру і мужа выклікалі да следчага. На той жа час жанчына была запісаная да нефролага праверыць ныркі, праблемы з якімі абвастрыліся пасля СІЗА:

«Я прадчувала, што мяне паўторна «закрыюць»: ехала з чорнымі рэчамі, бо ў калоніі можна толькі ў чорных быць апранутаю. Папрасіла доктарку напісаць заключэнне пра мой стан здароўя. У спадзяванні, што гэта мне дапаможа. Таму пастанавілі ўцякаць».

У той жа дзень Кіра з мужам сабралі рэчы ды ўцяклі са сваёй кватэры. Спачатку хаваліся ў Беларусі, а потым удалося выехаць ва Украіну. Давялося ўцякаць без пашпартоў.

Фота: Белсат

Кіра кажа, што ейны стан вельмі кепскі: баіцца незнаёмых людзей, легкавых аўтамабіляў, асабліва бусікаў. Цяпер яна чакае дакументаў. Кажа, што дапамога ёй не трэба, бо ёсць шмат іншых людзей, якім значна горш:

«Ведаеце, я не распавядала сваёй гісторыі, бо не была гатовая, мне трэба было асэнсаваць усё гэта. Але цяпер я адчуваю ў сабе сілы. І я вельмі хачу, каб вінаватыя былі пакараныя».

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны