Зборная Беларусі па футболе зноў нікуды не едзе


З аднолькавым лікам 1:0 былі пераможаныя зборныя Андоры і Косава. Зборная Беларусі заняла 4-е месца ў сваёй адборачнай групе ды набрала 12 пунктаў. Гэта трэці вынік у яе гісторыі і найлепшы выступ з 2011 года. Але ў сухім астатку такі вынік нічога не дае, ад нашай групы на топ-турнір едуць Швейцарыя і Румынія.

Трэніроўка беларускай зборнай па футболе перад матчам з камандай Косава.
Фота: belarus_football_team / Instagram

Ніхто з суседзяў Беларусі пакуль не трапіў на Еўра

Фінальны турнір чэмпіянату Еўропы пройдзе ў Нямеччыне з 14 чэрвеня да 14 ліпеня 2024 года. Рашэнне даверыць гэтай краіне 17-ы чэмпіянат Еўропы па футболе прыняў выканаўчы камітэт УЕФА 27 верасня 2018 года на сустрэчы ў Ньёне. Адзіным канкурэнтам немцаў была Турцыя. У 1988 годзе чэмпіянат Еўропы праводзіўся ў ФРГ. Пасля абʼяднання Нямеччына яшчэ не прымала Еўра, хаця ў 2006 годзе арганізавала чэмпіянат свету. Матчы пройдуць у дзесяці гарадах гэтай краіны. Матч адкрыцця з удзелам зборнай Нямеччыны адбудзецца на «Арэне Мюнхен». У турніры згуляюць 24 каманды, ужо вядомая 21 з іх. Гэта гаспадары і зборныя Францыі, Партугаліі, Бельгіі, Іспаніі, Шатландыі, Турцыі, Аўстрыі, Англіі, Вугоршчыны, Сербіі, Славеніі, Даніі, Албаніі, Румыніі, Швейцарыі, Італіі, Славаччыны, Нідэрландаў, Чэхіі ды Харватыі. Партугалія выгуляла ўсе матчы адбору.

Цікава, што Францыя дасягнула рэкорднага ліку ў гісторыі адборачных турніраў чэмпіянатаў Еўропы, абгуляўшы 18 лістапада зборную Гібралтару 14:0.

Ніхто з нашых суседзяў не змог заняць першых двух месцаў у сваіх групах і трапіць у фінальны турнір. Хаця шанец паехаць у Нямеччыну праз Лігу нацыяў УЕФА застаецца ў Польшчы ды Украіны. Падобныя шанцы маюць і Эстонія, Грузія ды Казахстан.

З прыходам іспанца Карласа Алёса зрабілася лепей, але ён зноў не звяртае ўвагі на дыктатуру

Адборачны турнір Еўра-2024 Беларусь пачала з трох паразаў ад Швейцарыі, Румыніі ды Ізраілю з агульным лікам 2:9. Затым упершыню за два гады зборная Беларусі выгуляла – гэта была сенсацыйная перамога над зборнаю Косава (2:1) у чэрвені. Той матч быў апошнім для галоўнага трэнера каманды Георгія Кандрацьева, якога сёлета ў жніўні замяніў іспанскі адмысловец Карлас Алёс Фэрэр.

Зборная Беларусі па футболе прыбыла ў сталіцу Косава Прыштыну. На здымку – іспанскі трэнер Карлас Алёс Фэрэр.
Фота: belarus_football_team / Instagram

У іспанца няма асаблівых поспехаў, з трафеяў ён мае толькі кубак Казахстану. Затое ў яго кепскі імідж пасля працы ў дыктатарскай Руандзе. Цяпер жа ён прыехаў у Беларусь, якая таксама, мякка кажучы, далёкая ад дэмакратыі.

Дэбют іспанца за стырном зборнай Беларусі ў верасні 2023 года наўрад ці можна назваць удалым: нічыя з Андорай (0:0) пры жахлівай гульні і параза ў Ізраілі (0:1). Тады зборная Беларусі прапусціла адзіны мяч на апошняй хвіліне гульні. Пасля чаго беларусы вырвалі нічыю ў гульні з Румыніяй, а таксама сенсацыйна згулялі ў Швейцарыі (3:3), калі перамагалі за 6 хвілінаў да канца з розніцай у два мячы, але перавагі не ўтрымалі.

Толькі з пятай спробы іспанец разам са зборнаю Беларусі перамог – у канцы гульні супраць Андоры коўч выпусціў адразу пяць форвардаў, і гэты крок даў вынік: Дзяніс Лапцеў забіў адзіны мяч і прынёс Беларусі перамогу. Каб забіць першы гол за нацыянальную зборную, Лапцеву спатрэбілася 1510 хвілінаў. У гульні са зборнаю Косава адзіны гол забіў Дзмітрый Анцілеўскі. У выніку на рахунку Карласа Алёса Фэрэра толькі адна параза, дзве перамогі і тры нічыіх. Калі Кандрацьеў нічога не казаў пра палітычную сітуацыю ў краіне, то іспанец заявіў, што не верыць у тое, што пішуць пра Беларусь у інтэрнэце і медыях, і не бачыць у Менску ніякіх праблемаў. Усё добра ў трэнера было і тады, калі ён працаваў у Руандзе.

Пакуль пахваліцца няма чым

Пакуль Беларусі ні разу не ўдалося трапіць у фінальную частку чэмпіянатаў свету і Еўропы, Лігі нацыяў УЕФА тут не разглядаем. Найлепшы вынік у гісторыі – адбор на чэмпіянат свету 2002 года, калі беларусы занялі 3-е месца ў групе, набралі 15 пунктаў і да апошняга прэтэндавалі на выхад у фінальны турнір. Узгадаем апошнія чатыры кампаніі адбору на топ-турніры.

Адборачны турнір на чэмпіянат свету – 2022: апошняе месца ў групе і ўсяго 3 пункты за перамогу над Эстоніяй (4:2). Дарэчы, гэта быў апошні афіцыйны матч, які беларусы згулялі на сваёй тэрыторыі. Нагадаем, што з вясны 2022 года за падтрыманне вайны Расеі супраць Украіны беларуская зборная на можа гуляць у Беларусі, а мусіць прымаць супернікаў на нейтральным полі і без гледачоў. Апошнім часам такім месцам для Беларусі зрабілася Вугоршчына.

Адбор на чэмпіянат Еўропы – 2020: перадапошняе месца ў групе, 4 пункты за перамогу і нічыю з той жа Эстоніяй (2:1, 0:0).

Нацыянальная зборная Беларусі рыхтуецца да матчу кваліфікацыі Еўра-2024 супраць Андоры пасля прылёту ў Будапэшт, Вугоршчына.
Фота: belarus_football_team / Instagram

Адбор на чэмпіянат свету – 2018: апошняе месца ў групе, 5 набраных пунктаў за перамогу над Балгарыяй (2:1) і дзве нічыіх з Люксембургам (1:1).

І пакуль самаю паспяховаю кампаніяй за апошнія 10 гадоў быў адбор на чэмпіянат Еўропы – 2016: ажно 11 набраных пунктаў і 4-е месца з 6 удзельнікаў. З перамогай і нічыёй над Люксембургам (2:0, 1:1) і Паўночнай Македоніяй (2:1, 0:0) ды перамогай над Славаччынай (1:0).

А ў моладзевай зборнай Беларусі дэградацыя

Моладзевая зборная нашай краіны саступіла шэсць гульняў запар, апошнюю – 20 лістапада Харватыі (0:1). Моладзеўка цяпер дзеліць у групе апошняе месца з Андораю. Зборная, за якую выступаюць футбалісты да 21 года, змагла набраць толькі 3 пункты ў 7 гульнях, згуляўшы ўнічыю з Андорай (0:0, 1:1) і Грэцыяй (1:1). У астатніх гульнях у каманды Сяргея Ясінскага шанцаў увогуле не было: паразы ад Партугаліі (0:5, 1:6) і Фарэрскіх Астравоў (2:3). У выніку галоўны трэнер Сяргей Ясінскі страціў працу.

Раней гэта была найлепшая беларуская футбольная зборная, яна двойчы выходзіла ў фінальны турнір, а ў 2011 годзе нават узяла медалі чэмпіянату Еўропы і ездзіла на Алімпіяду-2012 у Лондан.

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў