Віцэ-прэм'ер распавёў, як заходні бізнес спрабуе вярнуцца ў Беларусь


Еўрапейскія бізнесмены шукаюць магчымасці вярнуцца на беларускія рынкі і для гэтага знаходзяцца розныя рашэнні. Пра гэта, выступаючы ў парламенце, паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык, піша ТАСС.

Віцэ-прэм’ер Беларусі Пётр Пархомчык. Крыніца: pda.government.by

Паводле слоў Пархомчыка, заходнія кампаніі спрабуюць вярнуцца ў Беларусь, абыходзячы санкцыі праз трэція краіны і звяртаючыся да «мудроных схем».

«Я проста не хачу раскрываць асобныя высокаскладаныя кампаненты, якія сёння будуць вырабляцца ва Узбекістане ці ў нейкіх іншых краінах. Гэта значыць, мы шукаем розныя шляхі для вырашэння гэтага пытання», – дадаў ён.

Віцэ-прэм’ер адзначыў, што многія яго партнёры працягваюць падтрымліваць кантакты. Раней Пархомчык доўгі час быў гендырэктарам БелАЗу.

«Рана ці позна ўсё заканчваецца, і мы ў любым выпадку з усімі, з кім мы раней размаўлялі, сябравалі, з бізнесам, працягваем мець кантакты. Асабіста я атрымліваю віншаванні ад усіх былых маіх калег па бізнесе і з Еўропы, і з Амерыкі. Яны не носяць нейкага там палітычнага характару, але ў любым выпадку мы маем зносіны», – сказаў ён.

Чыноўнік прызнаў, што дапамагае замежным бізнесменам у абыходзе абмежаванняў. Пры гэтым ён зазначыў, што пошук кропак судакранання з Захадам «для таго, каб жыць так, як жылі раней», будзе доўгім, але заходні бізнес ужо сёння шукае падыходы.

«Прывяду апошнія мае перамовы з адным з кампаньёнаў, даволі ўстойлівым, даволі важкім, назаву толькі, адкуль ён – з Нарвегіі. Па мудрагелістай схеме, але мы дамовіліся рэалізоўваць яго праект у Рэспубліцы Беларусь», – паведаміў ён.

Hавiны
Беларускі металургічны завод абыходзіць санкцыі праз літоўскую кампанію
2023.11.20 13:56

Пархомчык дадаў, што ёсць яшчэ шэраг кампаній, якія ён не хоча называць, каб не нашкодзіць, з якімі Мінпрам «праводзіць вельмі сурʼёзныя перагаворы па вельмі важных кампанентах для прамысловасці».

«Мы таксама дамовіліся, і таксама шукаем рашэнні гэтых пытанняў. Таму палітыкі доўга яшчэ будуць дамаўляцца, але бізнес, ён хутчэй усталёўвае вось гэтыя кантакты», – рэзюмаваў ён.

Нагадаем, з 2020 года, у сувязі з рэпрэсіямі пасля выбараў і ўдзелам нашай краіны ў вайне супраць Украіны, Беларусь пакінулі многія заходнія брэнды. Таксама супраць Беларусі былі ўведзеныя санкцыі краінамі ЕЗ, ЗША і іншымі.

Hавiны
БРЦ: «нафтавы гаманец» Лукашэнкі пазбег санкцыяў, схаваўшы сувязь са сваімі кампаніямі
2023.11.15 22:25

СП, belsat.eu

Стужка навінаў