22 лістапада Вярхоўная Рада Украіны прагаласавала за пастанову, якая прадугледжвае ўвядзенне спецыяльных эканамічных абмежаванняў у сферы абароннай прамысловасці Расеі і Беларусі, паведамляе ў Х babel.ua. Раней іх прапанаваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
За ўвядзенне санкцыяў прагаласавалі 304 дэпутаты.
Санкцыі супраць абароннай прамысловасці краіны-агрэсара і яе саўдзельніцы
20 лістапада прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зарэгістраваў у Вярхоўнай Радзе законапраект № 10271. У ім ён прапанаваў ажыццявіць рашэнне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны пра ўвядзенне санкцыяў супраць расейскіх і беларускіх вытворцаў зброі на паўсотні гадоў.
Санкцыі распаўсюджваюцца на гандаль з беларускім і расейскім бізнесам таварамі, якія падпадаюць пад закон аб дзяржкантролі міжнароднай перадачы тавараў вайсковага і падвойнага прызначэння. Таксама забароненыя інвестыцыйная супраца ў сферы іх вытворчасці і ўгоды, заключаныя з прыцягненнем рэзідэнтаў трэціх краінаў. Немагчымая і перадача рэзідэнтам Расеі і Беларусі тэхналогіяў і правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці.
Таксама бізнесу прадпісана спыніць супольныя праекты і прамысловыя праграмы ў сферы бяспекі і абароны з удзелам кампаніяў, у якіх заснавальнікі – рэзідэнты Расеі або Беларусі.
Нагадаем, 3 жніўня Рада ЕЗ прыняла санкцыі супраць Беларусі, якія ўводзяцца за падтрыманне нашаю краінай поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну. Згодна з прынятымі захадамі, пашыраная забарона на экспарт у Беларусь шэрагу крытычных тавараў і тэхналогіяў, што спрыяюць умацаванню вайсковага і тэхналагічнага патэнцыялу Беларусі.
СП, belsat.eu