У Беларусі прызналі небяспечным «Мыйдадзіра»


Дзяржстандарт Беларусі ўнёс у спіс небяспечнай прадукцыі кнігу «Мыйдадзір» Карнея Чукоўскага, паведамляецца на сайце ведамства.

Вокладка забароненай кнігі «Мыйдадзір». Крыніца: lookomorie.com

Як падкрэсліваецца ў паведамленні, літаратурна-мастацкае выданне для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, выпушчанае расейскім ТАА «Детиздат», не адпавядае патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага звязу.

Згодна з рэгламентам, прагал паміж словамі ў выдавецкай прадукцыі для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту павінен быць роўны кегелю шрыфту. У кнізе «Мыйдадзір» прагал паміж словамі (ад 2,1 да 2,5 мм) практычна ў тры разы меншы за кегель шрыфту (6,77 мм).

Гэтае выданне забароненае да рэалізацыі ў Беларусі і павінна быць выключанае з абарачэння.

З той жа прычыны забаронены продаж у Беларусі кнігі «Маша і мядзведзь» з серыі «Казка за казкай», якую выпусціла ТАА «Группа компаний «РИПОЛ классик». У ёй таксама занадта малыя прагалы паміж словамі. Кніга прызнаная небяспечнай прадукцыяй і павінна быць выключаная з абарачэння.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў