На беларуска-польскай мяжы знайшлі яшчэ адно цела мігранта


Беларускі памежны нарад 21 лістапада паблізу загароды на польскай мяжы знайшоў некалькі ўцекачоў з Паўночнай Афрыкі. Побач з імі ляжаў труп мужчыны, сцвярджае прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.

Здымак з відэа: gpkgovby/Telegram

Прэс-служба беларускага памежнага ведамства прыводзіць словы аднаго з мігрантаў, нібыта брата загінулага, які сцвярджае, што яны здолелі прабрацца на тэрыторыю Польшчы, і там іх затрымалі польскія памежнікі. Таксама паведамляюць, што нібыта менавіта на тэрыторыі Польшчы адзін з удзельнікаў групы памёр, а затым ягонае цела прымусілі перанесці на беларускую тэрыторыю, адчыніўшы брамку ў агароджы.

На месца выклікалі следча-аператыўную групу.

Прэс-служба ДПК сцвярджае, што недалёка ад гэтага месца 19 лістапада і 2 кастрычніка былі знойдзеныя целы мужчынаў усходняга выгляду каля брамы ў польскай загародзе. Цяпер у памежных раёнах на беларускай тэрыторыі вельмі холадна, здараецца мінусавая тэмпература.

Міграцыйны крызіс трывае з траўня 2021 года. У яго арганізацыі падазраюцца ўлады Беларусі, ёсць шэраг сведчанняў пра актыўны ўдзел беларускіх сілавікоў у арганізацыі нелегальнага пераходу мяжы. Толькі за апошнія дні, 20–21 лістапада, 155 мігрантаў нелегальна спрабавалі трапіць у Польшчу з тэрыторыі Беларусі.

Hавiны
Польскія памежнікі апублікавалі новае відэа з мігрантамі, якія збіраюцца перасякаць мяжу
2022.11.07 18:48

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў