Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 22 верасня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 22 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Вызваленыя абаронцы «Азоўсталі». 21 верасня 2022 года.
Фота: Nikolay Anatski / mvs.gov.ua

21 верасня паміж Расеяй і Украінай адбыўся адзін з самых буйных абменаў ваеннапалоннымі. Расея вызваліла 205 грамадзянаў Украіны, з іх 108 байцоў «Азова», у тым ліку пяць камандзіраў, і 10 замежнікаў. Украінскі бок вызваліў 55 палонных вайскоўцаў і Віктара Медзвядчука.

Генеральны штаб ЗСУ паведамляе, што за мінулыя содні расейскія войскі нанеслі 8 ракетных і 16 авіяцыйных удараў, а таксама здзейснілі 115 абстрэлаў з РСЗА цывільных і вайсковых аб’ектаў на тэрыторыі Украіны. У выніку такіх дзеянняў была пашкоджаная інфраструктура ў больш чым 40 населеных пунктах.

У гэты ж час абстрэлы з танкаў, мінамётаў і ствольнай артылерыі расейцы праводзілі па ўсёй лініі сутыкнення ад Чарнігаўскай да Мікалаеўскай вобласцяў.

Разам з тым актыўныя наземныя аперацыі расейскія вайскоўцы праводзяць выключна на Данбасе: яны правялі няўдалыя атакі на пазіцыі ЗСУ ў ваколіцах населеных пунктаў Зайцава, Адрадаўка і Новаміхайлаўка.

У сваю чаргу ўкраінская авіяцыя нанесла 41 удар па пазіцыях расейцаў, вынікам якіх стала паражэнне 21 кропкі засяроджання жывой сілы і тэхнікі праціўніка, 4 апорных пунктаў і 15 пазіцыяў зенітных ракетных комплексаў.

Пажарны суцяшае жанчыну ля знішчанага аўтобуса, у якім яе дзіця загінуў ў выніку абстрэлу. Данецк, Украіна. 22 верасня 2022 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Ракетныя войскі і артылерыя Украіны нанеслі агнявое паражэнне 24 аб’ектам расейцаў. У прыватнасці, па 4 пунктах упраўлення рознага ўзроўню, 4 месцах засяроджання асабовага складу, узбраення і тэхнікі, 7 складах з боепрыпасамі і ГЗМ.

Ход наземных аперацыяў украінскіх сілаў Генштаб ЗСУ не паведамляе. Але чарговая зводка Генеральнага штабу ЗСУ пра страты расейскіх войскаў у вайне ва Украіне ўказвае на працяг контрнаступу ўкраінскага боку: за содні загінула каля 400 расейцаў, а агульныя страты за амаль 7 месяцаў вайны дасягнулі 55 510 чалавек забітымі.

Там часам тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што ЗСУ распачалі контрнаступ на паўночным усходзе краіны, задачай якога зʼяўляецца выхад да межаў так званай ЛНР. Паведамляецца, што ўкраінскія сілы змаглі пераправіцца праз раку Аскіл каля Дварычнага і занялі зручныя пазіцыі для правядзення гэтай аперацыі. Цяпер ЗСУ плануюць замацавацца ў ваколіцах населеных пунктаў Кучэраўка і Петрапаўлаўка Харкаўскай вобласці.

Паралельна з гэтым ЗСУ працягваюць наступаць на поўначы Данецкай вобласці ў ваколіцах Ліману. Паведамляецца, што ўкраінцы цяпер спрабуюць узяць пад свой кантроль Дробышава, каб далей выйсці да населенага пункту Стаўкі і перарэзаць падыход да Ліману з поўначы.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў