Украіна абмяняла больш за 200 палонных на аднаго Віктара Медведчука


Паміж Расеяй і Украінай 21 верасня адбыўся адзін з самых буйных абменаў ваеннапалоннымі. Расеяй былі вызваленыя 205 грамадзян Украіны, з іх 108 байцоў «Азова», у тым ліку пяць камандзіраў, і 10 замежнікаў, паведамілі ў СБУ. У РФ афіцыйна не называюць колькасць атрыманых у абмен палонных. Па некаторых звестках – гэта 55 палонных і Віктар Мядзведчук.

Абмен палоннымі паміж Украінай і Расеяй.
Фота: SBUkr/Telegram

«Мы абмянялі 200 нашых герояў на Мядзведчука, які ўжо даў усе магчымыя паказанні следству. А 5 герояў-камандзіраў «Азоўсталі» – на 55 расейскіх палонных, якія не маюць для нас ніякай цікавасці», – распавёў кіраўнік офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак.

Кіраўнік СБУ Васіль Малюк распавёў дэталі абмену Мядзведчука на 200 украінскіх ваеннапалонных:

«Мядзведчук – гэта не проста кум Пуціна, а якасна задакументаваны намі дзяржаўны здраднік. Яго віна поўнасцю зафіксавана ў адпаведных матэрыялах, сабраных СБУ. Акрамя таго, падчас працы па справах Мядзведчука мы абясшкодзілі не адну агентурную сетку, затрымалі шматлікіх дзяржздраднікаў і атрымалі вялікую колькасць важнай інфармацыі, якая выкарыстоўваецца ў контрвыведніцкіх мерапрыемствах».

Малюк дадаў, што абмен Віктара Мядведчука на ўкраінскіх абаронцаў не перашкаджае разгляду ягоных спраў у судзе: «Гэта тычыцца і прыняцця рашэнняў, і прызначэння пакарання, і канфіскацыі арыштаванай маёмасці. Бо ў такім выпадку прымяняецца працэдура спецыяльнага судовага разбору пры адсутнасці абвінавачанага».

Таксама Малюк сказаў, што сам Мядзведчук даў сваю згоду на абмен.

Між тым прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна была гатова аддаць Медзведчука за аднаго азоўца, а ўдалося абмяняць на вялікую колькасць.

«Мы абмянялі аднаго фаната Расеі на 200 воінаў. Спачатку нам прапаноўвалі вярнуць 50 нашых людзей у абмен на аднаго з тых, хто знаходзіўся ў следчым ізалятары Службы бяспекі Украіны. Мы казалі, настойвалі – колькасць 50 вырасла да 200. Аддаць Медзведчука за сапраўдных воінаў не шкада. Ён прайшоў усе следчыя дзеянні, якія прадугледжаны заканадаўствам, Украіна атрымала ад яго ўсё, што неабходна для ўстанаўлення праўды ў рамках крымінальных вытворчасцяў», – зазначыў Зяленскі.

Ён таксама дадаў, што пяць камандзіраў «Азова» будуць знаходзіцца ў Турцыі да канца вайны. «Такія былі ўмовы абмену. У Турцыі яны будуць пад асабістым пратэктаратам турэцкага прэзідэнта і ў камфортных умовах. Таксама яны змогуць праводзіць асабістыя сустрэчы», – заявіў прэзідэнт Украіны.

У спіс вызваленых уваходзяць таксама пяць грамадзян Вялікай Брытаніі, два амерыканца, швед, харват і мараканец. Вядома, што вызваленыя брытанцы Эйдэн Эслін, Шон Пінэр, грамадзянін Марока Саадун Брагім, раней прыгавораныя да смяротнага пакарання ў «ДНР», два ветэраны ўзброеных сіл ЗША – 39-гадовы Аляксандр Друке і 27-гадовы Эндзі Х’юн.

Hавiны
З расейскага палону вызвалілі некалькіх абаронцаў «Азоўсталі» і замежных вайскоўцаў
2022.09.22 01:37

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў